Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каралёў, ‑лёва.

Які належыць каралю (у 1 знач.). Каралёва дачка.

кара́лі, ‑яў; адз. караля, ‑і, ж.

Упрыгожанне з каралавых або іншых каштоўных камянёў, якое надзяваецца на шыю. У чорнай, глыбока дэкальтаванай сукенцы, з белымі каралямі на шыі Зіна была вельмі прыгожая. Шыцік. // перан. Пра ўсё, што нагадвае такое ўпрыгожанне. Рабіна надзела каралі І ўстала ля самай дарогі. Буйло. На полымя апалі Дзве расінкі — дзве каралі З цёмна-сіняга галля. Панчанка.

кара́ліна, ‑ы, ж.

Адна паперка, зярніна караляў. У ліку багатых знаходак — залатая караліна і абломкі шкляных пасудзін блізкаўсходняга паходжання. «Помнікі».

кара́льнасць, ‑і, ж.

Дапушчальнасць, прымянімасць пакарання. Каральнасць учынкаў вызначаецца крымінальным законам.

кара́льны, ‑ая, ‑ае.

Які падлягае пакарання), цягне за сабой пакаранне. Каральны ўчынак. Каральнае парушэнне законнасці.

карамбо́ль, ‑ю, м.

У більярднай гульні — рыкашэтны ўдар шара, які адскочыў ад другога шара, па трэцяму. // Більярдная гульня ў тры шары з прымяненнем такога ўдара.

[Фр. carambole.]

караме́ль, ‑і, ж.

1. зб. Сорт цвёрдых цукерак, ледзянцовых ці з начынкай, прыгатаваных з цукру і патакі.

2. Палены цукар, які ўжываецца для падфарбоўвання кандытарскіх вырабаў.

3. Падпражаны солад, які ўжываецца для падфарбоўвання піва.

[Фр. caramel.]

караме́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Разм. Адна цукерка карамелі. Смактаць карамелькі.

караме́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карамелі, заняты вырабам карамелі. Карамельная вытворчасць. Карамельны цэх.

кара́н, ‑а, м.

Свяшчэнная кніга мусульман, у якой змяшчаюцца догматы і палажэнні магаметанскай рэлігіі.

[Ад араб. qur'ān — чытанне, кніга.]