Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

за́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца ззаду проціл. пярэдні. Заднія ногі каня. Задняе кола. □ Коля з Мішам занялі месцы на задні лаўцы. Якімовіч. // у знач. наз. за́дні, ‑яга, і за́дняя, ‑яй, ж. Пра чалавека, які рухаецца; стаіць і пад. ззаду за кім‑, чым‑н. Увагу Дзмітрыя прыцягнуў натоўп каля пакгаўза. Заднія ўзнімаліся на дыбачкі, выцягвалі шыі, падскоквалі. Беразняк.

2. Накіраваны назад (пра напрамак руху). Шафёр развярнуўся і заднім ходам падаў машыну да самых дзвярэй. Пальчэўскі.

•••

Задні праход гл. праход.

Адысці на задні план гл. адысці.

Без усякай задняй думкі гл. думка.

Даць задні ход гл. даць.

Заднім днём гл. дзень.

Заднім розумам моцны гл. моцны.

Ляжаць без задніх ног гл. ляжаць.

Спаць без задніх ног гл. спаць.

Хадзіць (стаяць) на задніх лапках гл. хадзіць.

за́днік, ‑а, м.

1. Частка абутку над абцасам, якая ахоплівае пяту. Гулік наперадзе — дробна перабірае ножкамі ў стаптаных, з крывымі заднікамі чаравіках, каб не адстаць ад напорыстага кроку мужчын. Навуменка.

2. Разм. Дэкарацыя на заднім плане сцэны. У афармленні не ўвязваецца графічны пейзаж на задніку з маляўнічасцю іншых дэкарацый. «Звязда».

задні́ць, ‑дню, ‑дніш, ‑дніць; зак., што.

Абл. Уставіць дно. — Як толькі прыварацца, мы .. [грыбы] адкідаем на рэшата — і ў чыстую дзежку. .. Астаецца толькі задніць, і дзежка гатова да адпраўкі. Мурашка.

заднява́ць, ‑днюю, ‑днюеш, ‑днюе; зак.

Застацца на днёўку дзе‑н. Задняваў я на нейкім балоце ў стозе сена. Карпюк.

задо́браны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад задобрыць.

задо́брыванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. задобрываць — задобрыць.

задо́брывацца, ‑аецца; незак.

Зал. да задобрываць.

задо́брываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да задобрыць.

задо́брыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Выклікаць у каго‑н. прыхільнасць да сябе падарункамі, паслугамі і пад. Не паспеў Цімох наблізіцца да сабакі, як ён нечакана кінуўся на солтыса, хоць той хацеў задобрыць яго хлебам. Бажко. Звычка Вабейкі задобрыць чалавека, які прыехаў у калгас па справах, была вядома Паходню здаўна. Хадкевіч.

задо́к, ‑дка, м.

1. Задняя частка калёс, саней і пад. У задку воза .. сядзеў нейкі чалавек. Чорны. Пан Судзілоўскі катаўся.. на белых рысаках у размаляваных, з высокім задком санках. Хомчанка.

2. Разм. Задняя частка забітай і выпатрашанай жывёлы. Цялячы задок.