Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заблі́скаць, ‑ае; зак.

Пачаць бліскаць.

заблішча́ць і заблішчэ́ць, ‑чыць; зак.

1. Пачаць блішчаць, блішчэць, зрабіцца бліскучым. Ужо абцерліся лемяхі аб жорсткую сырую зямлю і заблішчалі на сонцы. Галавач. У вачах Міколы заблішчэў, мне здалося, шалёны агеньчык. Брыль.

2. Паказацца, выдзеліцца сваім бляскам. Хоць бы поле заблішчала, Хоць бы вёска ўжо хутчэй! Колас. Вось хутка заблішчыць праз кусты.. возера. Кулакоўскі.

•••

Толькі пяткі заблішчалі гл. пятка.

заблуджэ́нне, ‑я, н.

Няправільная, памылковая думка, скажонае ўяўленне аб чым‑н. Калі ж у час аблавы на бандытаў Бутрымовіч затрымлівае сярод іх ксяндза, ён канчаткова вызваляецца ад заблуджэнняў. Хромчанка. Час міне, і Лёня расплаціцца за свае заблуджэнні маральнымі пакутамі. Майхровіч.

заблудзі́цца, ‑блуджуся, ‑блудзішся, ‑блудзіцца; зак.

Разм. Тое, што і заблудзіць. Тут у [горадзе] шмат было каваротак, і .. новы чалавек мог бы лёгка заблудзіцца. Колас. Аксінні здавалася, што яна заблудзілася, такой доўгай была яе хадзьба дахаты. Лынькоў.

заблудзі́ць, ‑блуджу, ‑блудзіш, ‑блудзіць; зак.

Збіцца з дарогі, перастаць арыентавацца на мясцовасці. Незнаёмаму з тутэйшымі балотамі чалавеку небяспечна забірацца ў гэтыя нетры: заедзеш, ашаломішся, заблудзіш і не патрапіш выбрацца, бо, апроч густых чаротаў ды неба над галавою, нічога не ўбачыш. Колас. Пайшоў [Сёмка], адбіўся ад мяшчан, заблудзіў у лесе і да цёмнага швэндаўся па глыбокім сн[езе], пакуль выйшаў на дарогу. Гартны. // Пра нечаканае, выпадковае паяўленне каго‑н. дзе‑н. А я тут чаго заблудзіў на могільнік? Блізкіх ці знаёмых шукаю? Каго? Танк.

•••

Заблудзіць у трох соснах — не змагчы разабрацца ў чым‑н. простым.

заблу́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які апынуўся дзе‑н. выпадкова; не тутэйшы, прыблудны. [На галіне] нагледзелі сабе месца адпачываць удзень ад клапатлівай стомы палявыя каршачкі і заблудныя здалёку птушкі. Чорны.

заблука́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Блукаючы, зайсці куды‑н. У ягоны агарод Хлапчанятка, сямі год, Выпадкова заблука[ла]. Броўка.

заблука́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць блукаць.

заблы́танасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан заблытанага. Заблытанасць справы. Заблытанасць жыццёвых сітуацый.

заблы́таны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад заблытаць.

2. у знач. прым. У беспарадку пераплецены, перавіты, зблытаны. Між тоўстых галін двух дубоў вісеў заблытаны парашут. Гамолка.

3. перан.; у знач. прым. Складаны, цяжкі для разумення. Калі здараецца спрэчка між людзьмі, дык Соня разблытвае заблытаныя справы. Бядуля. // З вялікай колькасцю памылак, недакладнасцей. Заблытаны улік.

заблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. У беспарадку пераплесціся, перавіцца, зблытацца (пра ніткі, валасы і пад.). Ніткі заблыталіся.

2. у чым. Аказацца аплеценым чым‑н., пазбаўленым магчымасці рухацца. Муха заблыталася ў павуцінні. □ Жоўты лісток з бярозы заблытаўся ў траве і вісеў у ёй. Чорны. Яська паправіў валасы на таткавай галаве, у іх заблытаўся дзядоўнік. Лынькоў.

3. перан.; у чым і без дап. Аказацца ў цяжкім становішчы з-за сваёй нявопытнасці, няўмеласці, памылкі і пад. — Нешта заблытаўся наш рахункавод, а я — няхай мне сорамна будзе прызнацца — таксама ў бухгалтэрыі не надта моцны. Брыль.

4. перан. Збіцца, страціць сувязь у думках, выказваннях і пад. Заблытацца ў разважаннях. □ Старшыня, які не чакаў такога павароту справы, заблытаўся і гаварыў, замест адказаў на пытанні Андрэя.., зусім іншае. Галавач.

5. перан. Стаць цяжкім для разумення, ускладніцца. Пытанне заблыталася.

6. Разм. Збіцца з дарогі, заблудзіць. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў .. [Карагу] крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас. Горад вялікі, заблытацца ў ім не штука. Пянкрат.