Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

фен, -а, мн. -ы, -аў, м.

Электрычны прыбор для сушкі валасоў нагрэтым паветрам.

фенало́гія, -і, ж.

Раздзел біялогіі, які вывучае сезонныя з’явы ў жывой прыродзе, змены ў раслінным і жывёльным свеце, абумоўленыя зменай пор года і ўмовамі надвор’я.

|| прым. феналагі́чны, -ая, -ае.

фенамена́льны, -ая, -ае.

Выключны, незвычайны; выдатны па сваіх якасцях.

Фенаменальныя здольнасці.

Ф. голас.

|| наз. фенамена́льнасць, -і, ж.

фе́нікс, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Міфалагічная птушка, якая валодае здольнасцю пры набліжэнні смерці згараць, а потым зноў узнікаць з попелу.

2. Сімвал вечнага абнаўлення.

Узнік, як ф. з попелу.

фені́л, -у, м.

Вуглевадародны радыкал² (у 2 знач.), астатак бензолу, што ўваходзіць у склад многіх арганічных злучэнняў.

|| прым. фені́лавы, -ая, -ае.

фено́л, -у, м.

Арганічнае злучэнне, вытворнае бензолу, араматычны вуглевадарод; карболавая кіслата.

|| прым. фено́лавы, -ая, -ае.

фено́лаг, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяліст па феналогіі.

фено́мен, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Незвычайная, асаблівая з’ява, рэдкі факт.

2. Пра чалавека, які адрозніваецца выдатнымі здольнасцямі, талентам.

Ён быў феноменам розуму і высакароднасці.