правазна́ўства, -а, н.
Сукупнасць юрыдычных навук; юрыспрудэнцыя.
|| прым. правазна́ўчы, -ая, -ае.
правакава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; незак.
1. каго (што) на што. Падбухторваць на якія-н. дзеянні шляхам правакацыі (у 1 знач.).
2. што. Рабіць правакацыю (у 2 знач.; спец.).
|| зак. справакава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; -кава́ны.
|| наз. правакава́нне, -я, н.
правака́тар, -а, мн. -ы, -аў, м.
1. Тайны агент, які дзейнічае шляхам правакацыі (у 1 знач.).
Падсадзіць правакатара.
2. Падбухторшчык, які дзейнічае са здрадніцкай мэтай.
П. вайны.
|| прым. правака́тарскі, -ая, -ае.
правака́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж.
1. Здрадніцкія дзеянні, падбухторванне каго-н. да такіх дзеянняў, якія могуць прывесці да цяжкіх вынікаў.
Паддацца на правакацыю.
2. Штучнае выкліканне якіх-н. прымет хваробы (спец.).
|| прым. правакацы́йны, -ая, -ае.
права́л, -у, мн. -ы, -аў, м.
1. гл. праваліцца, праваліць.
2. Месца, якое правалілася, паглыбленне.
Глыбокі п. у гарах.
3. перан. Поўная няўдача ў якой-н. справе.
П. планаў інтэрвентаў.
4. перан. Адсутнасць яснага ўспрымання ўсяго навакольнага (пры некаторых хваробах, ап’яненні).
Правалы памяці.
|| прым. права́льны, -ая, -ае (да 2 знач.; спец.).
правалаво́дзіцца, -джуся, -дзішся, -дзіцца; зак. (разм.).
Затраціць многа часу на што-н.
П. паўдня.
правалачы́, -лаку́, -лачэ́ш, -лачэ́; -лачо́м, -лачаце́, -лаку́ць; -ло́к, -лакла́, -ло́; -лачы́; -ло́чаны; зак. (разм.).
1. каго-што. Працягнуць волакам.
2. што. Зацягнуць (нітку ў вушка іголкі).
|| незак. правалака́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
правалі́цца, -алю́ся, -а́лішся, -а́ліцца; зак.
1. Упасці ў якую-н. адтуліну.
П. ў яму.
Гатоў скрозь зямлю п. (хочацца знікнуць, схавацца ад сораму, страху і пад.). Як скрозь зямлю праваліўся (знік невядома куды). П. мне скрозь зямлю (клятвеннае запэўненне ў праўдзівасці сваіх слоў; разм.).
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абрушыцца ад цяжару.
Столь правалілася.
3. перан. Пацярпець няўдачу (у якой-н. справе або пра якую-н. справу; разм.).
Спробы праваліліся.
П. на экзамене.
4. перан. Прапасці, знікнуць (разм.).
Куды ты праваліўся на два тыдні?
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і уваліцца¹ (у 2 знач.).
Вочы праваліліся.
|| незак. права́львацца, -аюся, -аешся, -аецца.
|| наз. права́л, -у, м. (да 2 і 3 знач.).
правалі́ць, -алю́, -а́ліш, -а́ліць; -а́лены; зак.
1. што. Праламаць, абрушыць.
П. падлогу.
2. што. Загубіць якую-н. справу (разм.).
П. мерапрыемства.
3. каго-што. Адхіліць, адвесці (разм.).
П. каго-н. на экзамене (паставіць нездавальняючую ацэнку).
|| незак. права́льваць, -аю, -аеш, -ае.
|| наз. права́л, -у, м.