Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

зыхо́дзіць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -дзіць; незак., з чаго.

Грунтавацца на чым-н.

З. з жыццёвых фактаў.

зыхо́дны, -ая, -ае.

Такі, з якога пачынаецца што-н.; пачатковы.

Зыходная пазіцыя.

Зыходны пункт гледжання.

зычлі́вец, -ліўца, мн. -ліўцы, -ліўцаў, м.

Той, хто жадае каму-н. дабра.

|| ж. зычлі́віца, -ы, мн. -ы, -віц.

зычлі́вы, -ая, -ае.

Які жадае дабра другому; прыхільны, спагадны.

Зычлівыя людзі.

|| наз. зычлі́васць, -і, ж.

зы́чны, -ая, -ае.

1. Звонкі, прарэзлівы.

З. голас.

2. Пра гукі мовы: які ўтвараецца пры праходжанні моцнага струменю паветра праз перашкоду ў якім-н. месцы моўнага апарату, а таксама пра літары, якія адлюстроўваюць такія гукі.

зы́чыць, -чу, -чыш, -чыць; незак., што каму-чаму.

Жадаць, выказваць, выражаць каму-, чаму-н. пажаданні.

Зычу вам многа шчасця і моцнага здароўя.

зэ́даль, -для, мн. -длі, -дляў, м. (разм.).

Хатняя пераносная лава; услон.

зэ́длік, -а, мн. -і, -аў, м. (разм.).

Хатняя пераносная лаўка; услончык.

зя́бкі, -ая, -ае.

1. Халодны, сцюдзёны.

Пацягнуў з. вецер.

Была буйная зябкая раса.

2. Адчувальны да сцюжы.

У яго змалку былі зябкія рукі.

|| наз. зя́бкасць, -і, ж.

зя́бліва, -а, н.

1. Узаранае з восені поле пад веснавую сяўбу.

Сеяць па зябліве.

2. Асенняе ўзорванне поля.

Аратыя паехалі на з.

|| прым. зя́блевы, -ая, -ае.