Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

міністэ́рства, -а, мн. -ы, -аў, н.

1. Орган дзяржаўнага кіравання асобнай сферы дзейнасці.

М. культуры.

2. зб. У сістэме парламентарызму: састаў міністраў дадзенага ўрада.

|| прым. міністэ́рскі, -ая, -ае.

мініяцю́ра, -ы, мн. -ы, -цю́р, ж.

1. Невялікі малюнак у фарбах у старадаўнім рукапісе, кнізе.

2. Невялікая карціна вельмі тонкай работы.

3. Мастацкі твор малой формы, завершаны па форме і думцы.

Тэатр мініяцюр.

У мініяцюры — у зменшаным памеры.

|| прым. мініяцю́рны, -ая, -ае.

мініяцю́рны, -ая, -ае.

1. гл. мініяцюра.

2. Маленькі і вытанчаны.

Мініяцюрная шкатулка.

|| наз. мініяцю́рнасць, -і, ж. (да 2 знач.).

мініяцюры́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

1. Мастак, які малюе мініяцюры.

2. Аўтар мініяцюр (у 3 знач.).

|| ж. мініяцюры́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

міно́га, -і, ДМо́зе, мн. -і, -но́г, ж.

Водная прымітыўная пазваночная жывёліна сямейства міногавых са змеепадобным целам.

Марская м.

|| прым. міно́гавы, -ая, -ае.

Сямейства міногавых (наз.).

міно́р, -у, м.

1. Музычны лад, акорд якога грунтуецца на малой тэрцыі (спец.).

2. перан. Сумны, прыгнечаны настрой (разм.).

Быць у міноры.

|| прым. міно́рны, -ая, -ае.

М. настрой.

мінулаго́дні, -яя, -яе.

Які мае адносіны да мінулага года, зроблены, праведзены ў мінулым годзе.

М. фестываль.

міну́лы, -ая, -ае.

1. Які ўжо прайшоў, мінуў.

Мінулыя гады.

2. у знач. наз. міну́лае, -лага, н. Тое, што прайшло, адышло; былое.

Успомніць мінулае.

мі́нус, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Знак у выглядзе гарызантальнай рыскі (-) для абазначэння аднімання або адмоўнай велічыні ў матэматыцы.

2. нескл. Паміж дзвюма лічбамі абазначае, што другая лічба аднімаецца ад першай.

Пяць м. тры.

3. Пры ўказанні на тэмпературу паветра абазначае: ніжэй нуля.

Сёння м. пяць.

4. перан. Недахоп, адмоўны бок (разм.).

Праект мае шмат мінусаў.

|| прым. мі́нусавы, -ая, -ае (да 3 і 4 знач.).

Мінусавая тэмпература.

міну́скулы, -аў, адз. -кул, -а, м. (спец.).

Дробныя літары ў почырках старажытнай пісьменнасці.

|| прым. міну́скульны, -ая, -ае.

Мінускульнае пісьмо.