Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

кроп, -у, м.

Аднагадовая агародная травяністая расліна сямейства парасонавых з вострым прыемным пахам; ужыв. як прыправа да ежы.

|| прым. кро́павы, -ая, -ае.

кро́пельніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.

1. Прыбор, які падае́ вадкасць кроплямі (лякарства ў вену, ваду ў расліны і пад.).

2. Бутэлечка з жалабком для налівання лякарства кроплямі.

3. Тое, што і піпетка.

кро́пельны, -ая, -ае.

У выглядзе кропель.

Кропельнае ўвядзенне лякарства.

кро́пка, -і, ДМ -пцы, мн. -і, -пак, ж.

1. След ад дакранання, уколу чым-н. вострым (кончыкам алоўка, іголкі і пад.); маленькая круглая плямка.

Тканіна ў кропкі.

2. Знак прыпынку (.), які аддзяляе сказы, а таксама ўжыв. пры скарочаным напісанні слоў, напрыклад: і пад., і інш.

К. з коскай (;).

Дзве кропкі, або двукроп’е (:).

Тры кропкі, або шматкроп’е (...).

3. Месца, пункт у сістэме, сетцы якіх-н. пункгаў, дзе размешчана што-н.

Гандлёвая к. (магазін, кіёск і пад.). Асвятляльная к.

4. у знач. вык. Досыць, канец (разм.).

Ідзі — і к..

Агнявая кропка — кулямёт, мінамёт, дот і пад., размешчаныя на агнявой пазіцыі.

Біць у адну кропку — накіроўваць свае дзеянні на што-н. адно.

Кропка ў кропку (разм.) — якраз, дакладна.

Папасці ў самую кропку (разм.) — якраз так, як трэба.

Ставіць кропкі над «і» — удакладняць, высвятляць, не пакідаючы нічога недаказанага.

|| прым. кро́пкавы, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

кро́пля, -і, мн. -і, -пель, ж.

1. Маленькая акруглая часцінка якой-н. вадкасці.

К. вады.

Кроплі дажджу.

2. мн. Разведзенае на чым-н. лякарства, якое прымаецца па пэўнай колькасці такіх часцінак.

Вочныя кроплі.

К. ў нос.

3. адз., перан., чаго. Самая нязначная колькасць чаго-н. (разм.).

Малака ў бляшанцы к.

Да (апошняй) кроплі — усё без астатку выпіць, расходаваць, аддаць і пад.

Да апошняй кроплі крыві — ахвяруючы жыццём, змагацца, біцца, абараняцца.

Кропля за кропляй — паступова, патрошку.

Кропля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым-н. вялікім.

Ні кроплі — ніколькі, ані.

Ні кроплі ў рот не браць — зусім не піць алкагольных напіткаў.

Як дзве кроплі вады — абсалютна, поўнасцю падобны, супадае.

|| прым. кро́пельны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

крос, -у, м.

Спартыўны бег або гонкі па перасечанай мясцовасці з пераадоленнем перашкод.

|| прым. кро́савы, -ая, -ае.

Кросавая траса.

кро́сны, красён і кро́снаў.

1. Ручны ткацкі станок.

Паставіць к.

2. Ніцяная аснова, якая навіваецца на навой станка.

|| памянш. красёнцы, -аў.

крот, крата́, мн. краты́, крато́ў, м.

Невялікая млекакормячая жывёліна атрада насякомаедных, якая жыве пад зямлёй, а таксама футра гэтай жывёліны.

Каўнер з крата.

|| прым. крато́вы, -ая, -ае.

кроў, крыві́; Т кро́ўю і крывёй, ж.

1. Чырвоная вадкасць, якая рухаецца па крывяносных сасудах арганізма, жывіць яго клеткі і забяспечвае абмен рэчываў.

Артэрыяльная к.

2. перан. Блізкае кроўнае сваяцтва.

Адной крыві.

3. Пра пароду жывёл.

Бульдог чыстай крыві.

Гарачая кроў — пра тэмпераментнага чалавека.

Кроў за кроў — помсціць забойствам за забойства.

Кроў з малаком — пра чалавека з румяным свежым тварам.

Кроў іграе (кіпіць) у каго — пра багацце жыццёвых сіл, энергіі.

Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) — пра пачуццё жаху, моцнага перапуду.

Льецца (праліваецца) кроў — пра масавае забойства, звычайна ў час вайны.

Плоць ад плоці, кроў ад крыві (кніжн.) — аб тым, што створана ўласнай працай і клопатамі.

Псаваць кроў каму — псаваць настрой, раздражняць.

Сэрца кроўю абліваецца — цяжка каму-н. ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю.

Умыцца кроўю — быць збітым.

|| прым. крывяны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

К. ціск (ціск крыві ў сасудах).

кро́ўны і (разм.) крэ́ўны, -ая, -ае.

1. Родны па крыві; які паходзіць ад адных продкаў.

К. брат.

Кроўная радня.

2. перан. Вельмі блізкі, цесны, моцны, непарушны.

Кроўная сувязь пісьменніка з народам.

Кроўна (прысл.) зацікаўлены ў чым-н.

Кроўная крыўда — цяжкая, якая глыбока кранае.

Кроўная помста — помста забойствам за забойства сваяка як перажытак родавага ладу.

Кроўныя грошы (разм.) — грошы, нажытыя сваёй працай.

|| наз. кро́ўнасць, -і, ж. (да 2 знач.) і крэ́ўнасць, -і, ж. (да 2 знач.).