Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

дрэйфава́ць, -фу́ю, -фу́еш, -фу́е; -фу́й; незак.

1. Быць у дрэйфе, рухацца пад уздзеяннем ветру або плыні.

Карабель дрэйфуе.

2. безас. Адхіляць ад руху ветрам або плынню.

Карвет пачало д. да берага.

дрэ́йфавы, -ая, -ае.

1. гл. дрэйф.

2. Які выклікае дрэйф.

Дрэйфавая плынь.

дрэ́йфіць, -флю, -фіш, -фіць; незак. (разм.).

Паддавацца пачуццю страху, баяцца, адступаць перад цяжкасцямі.

Не трэба д. — усё будзе добра.

|| зак. здрэ́йфіць, -флю, -фіш, -фіць.

дрэна́ж, -у́, м.

1. Асушэнне глебы пры дапамозе сістэмы траншэй ці труб, а таксама сістэма такіх траншэй, труб.

Д. балота.

2. Вывядзенне з раны гною, вадкасці з дапамогай спецыяльнай трубкі (спец.).

Д. раны.

3. мн. -ы́, -о́ў. Гумавая ці шкляная трубка з адтулінамі, якая ўводзіцца ў рану для адтоку гною, вадкасці (спец.).

Увесці д.

|| прым. дрэна́жны, -ая, -ае.

Дрэнажная канава.

Дрэнажная трубка.

дрэ́нна, прысл.

1. Нездавальняюча, не так, як трэба, заганна.

Д. працаваць.

2. безас., у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, цяжкае становішча.

3. безас., у знач. вык. Пра хваравіты або цяжкі душэўны стан.

Хвораму сёння д.

Д. на душы.

4. у знач. наз. дрэ́нна, нескл., н. Адзнака (у 4 знач.), якая абазначае ніжэйшую ацэнку ведаў.

Атрымаць д. па матэматыцы.

дрэ́нны, -ая, -ае; го́ршы, найго́ршы.

1. Пазбаўлены станоўчых якасцей, нездавальняючы, не такі, як трэба; проціл. добры.

Дрэнныя прадукты.

Д. почырк.

Дрэннае надвор’е.

Дрэннае абсталяванне.

Д. гаспадар.

Дрэнныя суседзі.

Дрэнныя даходы.

Дрэннае здароўе.

Здарылася найгоршае (наз.) з усяго, што можна было чакаць.

2. Заганны з маральнага боку; здатны на кепскія ўчынкі.

Дрэнныя паводзіны.

Д. чалавек.

3. Неспрыяльны, невясёлы, які не абяцае нічога добрага.

Дрэннае прадчуванне.

Дрэнныя аналізы крыві.

дрэнь, -і, ж. (разм.).

1. зб. Розныя непрыгодныя рэчы, хлам.

Поўныя кішэні ўсякай дрэні.

2. Што-н. нядобрае, непрыемнае.

Усю ноч нейкая д. снілася.

3. у знач. вык. Пра каго-, што-н. кепскае, нікчэмнае.

Надвор’е — д.

Токар з яго — д.

дрэсірава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны; незак., каго (што).

1. Прывучаць жывёл да выканання якіх-н. дзеянняў.

Д. тыграў.

Д. сабак.

2. перан. Прывучаць да строгай дысцыпліны; муштраваць (у 1 знач.).

|| зак. вы́дрэсіраваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; -раваны.

|| наз. дрэсіро́ўка, -і, ДМо́ўцы, ж.

дрэсіро́ўшчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Той, хто дрэсіруе жывёл.

Д. звяроў.

|| ж. дрэсіро́ўшчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

|| прым. дрэсіро́ўшчыцкі, -ая, -ае.

дрэс-ко́д, -у, м.

Набор правіл, якія вызначаюць, як апранацца ў пэўных абставінах.