Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ве́на

(лац. vena)

крывяносны сасуд, па якім кроў цячэ ад органаў і тканак да сэрца.

венд

(лац. Venedi = назва старажытнага славянскага племені)

комплекс горных парод, які непасрэдна папярэднічае кембрыю; змяшчае рэдкіх прадстаўнікоў бесшкілетных арганізмаў.

вендзі́та

(іт. vendita = заезджы двор)

арганізацыя і месца збору карбанарыяў у Італіі 19 ст.

вендэ́та

(іт. vendetta)

звычай крывавай помсты за забойства сваяка, што існаваў у карсіканцаў і жыхароў вострава Сардзінія.

венепу́нкцыя

(ад вена + лац. punctio = укол)

пракол вены полай іголкай для пералівання крыві, увядзення ў вену лекавых раствораў і інш. (параўн. венесекцыя).

венерало́гія

(ад лац. Venus, -neris = імя старажытнарымскай багіні кахання + -логія)

галіна медыцыны, якая займаецца вывучэннем і лячэннем венерычных хвароб.

венеро́лаг

(ад венералогія)

спецыяліст па венерычных хваробах.

венеры́чны

(ад лац. Venus, -neris = імя старажытнарымскай багіні кахання);

в-ыя хваробы — інфекцыйныя хваробы, якія перадаюцца ў асноўным цераз палавыя органы (сыфіліс, ганарэя, шанкер).

венесе́кцыя

(ад вена + лац. sectio = рассячэнне)

ускрыццё вены для пералівання крыві, увядзення ў вену лекавых раствораў, калі немагчыма зрабіць венапункцыю.

ве́нзель

(польск. węzeł = вузел)

узор, утвораны зграбна пераплеценымі пачатковымі літарамі ўласных імён (імя і прозвішча або двух імён).