Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бу́ла

(лац. bulla = шарык)

віслая металічная пячатка, якая ў сярэдневякоўі змацоўвала папскі, імператарскі, каралеўскі, княжацкі дакумент, а таксама назва адпаведнага дакумента.

буланжы́зм

[ад фр. G. Boulanger = прозвішча фр. генерала (1837—1891)]

шавіністычны рух у Францыі ў канцы 80-х гадоў 19 ст., накіраваны на ўстанаўленне ваеннай дыктатуры.

буланжэры́т

[фр. boulangerite, ад S. Boulanger = прозвішча фр. мінералога (памёр у 1849 г.)]

мінерал класа складаных сульфідаў з металічным бляскам; руда свінцу.

була́ны

(цюрк. bulan)

светла-жоўты з чорнай грывай і чорным хвастом (пра масць коней).

була́т

(цюрк. bulat, ад перс. pūlād = сталь)

1) вугляродзістая сталь, якая вызначаецца высокай цвёрдасцю, пругкасцю, вязкасцю, зносастойкасцю, своеасаблівай структурай і ўзорыстасцю паверхні;

2) гіст. клінок (меч, шабля, кінжал) з такой сталі.

булга́рыя

(н.-лац. bulgaria)

сумчаты грыб сям. гелоцыевых, які развіваецца на адмерлых ствалах дуба.

буле́

(гр. bule = рада)

дзяржаўная рада ў старажытных Афінах і іншых старажытнагрэчаскіх гарадах-полісах.

буленгры́н

(англ. bowling-green = паляна для гульняў у шары)

рэгулярны ўчастак парку, заняты газонам, разнавіднасць партэра 2.

булён

(фр. bouillon)

1) бульбяны суп, засквараны салам з цыбуляй;

2) нічым не запраўлены мясны адвар.

булімі́я

(гр. bulimia)

няўтольны голад, які суправаджаецца слабасцю, болем у падлыжачнай вобласці; назіраецца пры эндакрынных і некаторых іншых хваробах.