Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

була́ны

(цюрк. bulan)

светла-жоўты з чорнай грывай і чорным хвастом (пра масць коней).

була́т

(цюрк. bulat, ад перс. pūlād = сталь)

1) вугляродзістая сталь, якая вызначаецца высокай цвёрдасцю, пругкасцю, вязкасцю, зносастойкасцю, своеасаблівай структурай і ўзорыстасцю паверхні;

2) гіст. клінок (меч, шабля, кінжал) з такой сталі.

булга́рыя

(н.-лац. bulgaria)

сумчаты грыб сям. гелоцыевых, які развіваецца на адмерлых ствалах дуба.

буле́

(гр. bule = рада)

дзяржаўная рада ў старажытных Афінах і іншых старажытнагрэчаскіх гарадах-полісах.

буленгры́н

(англ. bowling-green = паляна для гульняў у шары)

рэгулярны ўчастак парку, заняты газонам, разнавіднасць партэра 2.

булён

(фр. bouillon)

1) бульбяны суп, засквараны салам з цыбуляй;

2) нічым не запраўлены мясны адвар.

булімі́я

(гр. bulimia)

няўтольны голад, які суправаджаецца слабасцю, болем у падлыжачнай вобласці; назіраецца пры эндакрынных і некаторых іншых хваробах.

булі́т

(англ. bullet = куля)

штрафны ўдар з ходу па варотах праціўніка пры гульні ў хакей з шайбай.

бу́лка

(польск. bułka, ад іт. boule = круглы хлеб)

1) невялікі хлеб з пшанічнай мукі; белы хлеб;

2) тое, што і бохан.

буль

[фр. A. Boulle = прозвішча прыдворнага фр. сталяра (1642—1732)]

стыль французскай мэблі 17—18 ст., які вызначаўся прастатой формы і наяўнасцю інкрустацыі з іншых гатункаў дрэва, медзі, бронзы, слановай косці.