Сас ’саксонец’ (Байк. і Некр.), са́скі ’саксонкі’ (Нас., Гарэц.). Запазычанне з польск. sas, saski ’тс’ (Кюне, Poln., 96), стараж. Sas ’саксонская зямля’. Польск., таксама як і укр. сас, ст.-рус. сасъ, сасинъ, чэш. sas, ст.-серб. сасинь, сяр.-балг. сасинъ запазычана з ст.-в.-ням. sahso ’сакс’, сяр.-н.-ням. sasse (Міклашыч, 288; Сабалеўскі, AfslPh, 32, 309 і наст.). Гл. таксама Фасмер, 3, 564 і наст.; параўн. саксонец.
Сасі́лы ’саскі ў жывёлы’ (віц., Нар. лекс.). Вытворнае ад *сасаць або *сосіць, параўн. рус. сосать (гл. ссаць) з суф. ‑іла, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 42.
Сасі́ска ’невялікая каўбаска, якую ядуць у вараным выглядзе’ (ТСБМ). Праз рус. соси́ска (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79 і наст.) з франц. saucisse ’сасіска’ ад сяр.-лац. salsīcіа ад salsus ’салёны’, гл. Праабражэнскі, 2, 360; Фасмер, 3, 726.
Сасло́ўе ’грамадская група са спадчыннымі правамі і абавязкамі, якая склалася на аснове класавых адносін у дакапіталістычным грамадстве’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. сосло́вие ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 56). У рускай мове гэта старажытны кніжны славянізм эпохі другога паўднёваславянскага ўплыву, параўн. ц.-слав. съсловие ’саслоўе, згода’ (гл. Вінаградаў, Этимология–1966, 133 і наст.; там жа падрабязна аб развіцці семантыкі рус. сосло́вие). Царкоўнаславянскае слова разглядаюць як кальку грэч. συγκλητος ’той, які сазваны’ (Праабражэнскі, 2, 360) або σύλλογος ’сход, зборышча’ (Фасмер, 3, 726).
Сасна́ ’вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых, якое расце пераважна на пясчаных глебах і вызначаецца прамым высокім ствалом і доўгай ігліцай, Pinus silvestris L.’, галоўным чынам зах.- і усх.-славянскае: рус., укр. сосна́, ст.-рус., рус.-ц.-слав. сосна ’елка, сасна’, польск., н.-луж., чэш., славац. sosna, палаб. süsnó ’тс’. У паўднёваславянскіх мовах захавалася часткова: сяр.-балг. (XIV ст.) сосна, макед. тапонім Sosna. Па традыцыйных версіях узводзілася да і.-е. k̑asnos ’шэры’ і параўноўвалася з ст.-прус. sasins ’заяц’, ст.-інд. çaçás ’тс’, ст.-в.-ням. haso ’заяц’, hasan ’шэры, бліскучы’, лац. cánus ’шэры’ (Брукнер, 507; Фасмер, 3, 726–727; Борысь, 567) або да *sopsna і тлумачылася як ’смалістае дрэва’, параўн. лац. sapa ’сок’, ст.-в.-ням. saf ’тс’, рус. сопля, прымаючы пры гэтым выдзяленне суф. ‑sna (гл. Фасмер, там жа). Трубачоў (Дополн., 3, 727), падкрэсліваючы неалагічны характар слова і спасылаючыся на назіранні Машынскага (Kultura 1, 133 і наст.), што на Палессі сасна датычыцца толькі хваёвага дрэва з борцю, дуплом, а звычайная сасна называецца хвоя, мяркуе, што *sosna першапачаткова належала да тэрміналогіі бортніцтва і абазначала ’дуплянае дрэва’ і выводзіць яго ад прасл. *sopěti ’сапці, дуць’, параўн. ст.-слав. сопль ’жалейка, флейта’. Па фанетычных прычынах ён (там жа) адхіляе і этымалогію Машынскага (Pierw., 216 і наст.) ад *sojǫ, *sojiti ’калоць’; тут чакалася б *sesna. Іншыя версіі гл. яшчэ Фасмер, там жа. Аналагічна Трубачову Шустар-Шэўц, 2, 1335.
Саснэ́ ’адросткі пер’яў у птушак пасля лінькі’ (Сл. ПЗБ). Да аснэ́ ’тс’ (Сцяшк. Сл.), што да асо́н (гл.). Збліжана з сасна (гл.) з-за знешняга падабенства да сасновых шыпулек.
Саснякі́ ’лісічкі’ (Сл. рэг. лекс.). Да сасно́вы < сасна.
Сасо́к ’знешняя частка малочнай залозы млекакормячых і чалавека ў выглядзе шышачкі, з якой дзіцё ссе малако’ (ТСБМ; в.-дзв., Сл. ПЗБ). Рус. сосо́к ’тс’, ст.-чэш. sesek, славац. sosok, sosec, ст.-слав. съсьць ’сасок’, ст.-рус. съсъкъ, съсъ ’сасок’. Да прасл. *sъsati ’ссаць’. Гл. Фасмер, 3, 725; Махэк₂, 538.
*Сасо́нка, со́сонка ’хвошч палявы, Equisetum arwense L.’ (Бейл.). Укр. со́сонка ’тс’. Вытворнае ад сасна (гл.), расліна названа па знешняму падабенству. Параўн. рус. со́сенник ’Equisetum pratense Ehrh.’ (Аненкаў, 58), а таксама назвы для Hippuris vulgaris L.: рус. со́сенка, польск. sosnoweczka (гл. Махэк, Jména rostl., 151 і наст.).
Сасо́ннік ’сон-трава Anemone pulsatilla L.’ (Шат.), сасну́лькі ’сон’ (астрав., Сл. ПЗБ). Польск. sasanka, sesenki, чэш. sasanka, серб.-харв. sása ’тс’, балг. сасан ’Hepatica triloba’, сасанка ’тс’, дыял. таксама сасенка; сюды ж, магчыма, і рус. сазончики ’Anemone pulsatilla L.’ і самсонички ’Pulsatilla pratens Mill.’ Неяснае слова. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) мяркуе, што славянскія словы — гэта запазычанне са ст.-грэч. σουσον ’лілея’, якое на славянскай глебе падверглася розным пераўтварэнням і ўплыву народнай этымалогіі, якая звязала назву гэтай расліны з сон (гл. сон-трава). Грэч. слова Дурыданаў звязвае з ст.-егіпец. s‑š‑n ’лотас’, копц. šošen ’лілея’, ст.-яўр. šošan, араб. susan ’лілея’, пярс. susän ’лілея, касач’, тат. susan ’касач’. Для беларускага слова магчыма польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538, выклад гіпотэзы Дурыданава.