Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сайга́, сайга́к ’буйная млекакормячая жывёліна атрада парнакапытных стэпавай зоны, від антылопы’ (ТСБМ). Праз рус. сайга́, сайга́к ’від антылопы’ з цюрк. моў; параўн. чагат. saiɣak ’серна’. Гл. Радлаў, 4, 222; Локач, 141; Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 150; Фасмер, 3, 545.

Сайгачья капуста ’расліна расходнік звычайны, Ledurn vulgare L.’ (Дэмб. 1, 293). Да сайгак (гл. папярэдняе слова). Аб матывацыі назвы гл. заячья капуста.

Са́йда ’паўночная марская прамысловая рыба сямейства трасковых’ (ТСБМ). Сучаснае запазычанне з рус. са́йда ’тс’, якое з фін. saita, Род. с. saidan ’трэска’ або саам. sajte ’род трэскі’; гл. Фасмер, 3, 546; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 189–190.

Са́йка1 ’невялікая булка з пшанічнай мукі’ (ТСБМ), ’перапечка з ільнянога семя’ (Сл. ПЗБ). Новае запазычанне з рус. са́йка ’тс’, якое лічыцца вытворным ад *сая < эст. sai, Род. с. saia ’белы хлеб’, фін. saija ’тс’ (Праабражэнскі, 2, 245; Фасмер, 3, 546; Каліма, 212). Адваротны напрамак запазычання — з рускай у балтыйскую мову — прымае Кіпарскі (гл. у Фасмера, там жа).

Са́йка2 ’балкон’ (Касп.). З салька (гл.) у выніку дыялектнага пераходу й ⟷ лʼ.

Саймава́ць, саймавацца ’удзельнічаць у саймаванні, раіцца, дамаўляцца’ (ТСБМ, Касп.), саймікава́ць(ца) ’тс’ (ТСБМ), саймікава́цца ’раіцца, дамаўляцца’ (Нар. сл.). Паланізмы. Параўн. польск. sejmować (się), sejmikować się ’засядаць на сеймы, абмяркоўваць’, якія ад sejm ’сейм’ (Брукнер, 484). Параўн. сейм.

Саймэ́т ’сакрэт’ (Касп.). Па сцвярджэню Чэкмана (Гісторыя, 115) запазычанне з ідыш, але этымон нам невядомы.