Са́га ’крупы з крухмалу сагавай пальмы, а таксама штучныя крупы з кукурузнага або бульбянога крухмалу’ (ТСБМ). З рус. са́го ’тс’, у якой праз ням. Sago, франц. sagou з малайск. sâgû ’мука з сагавай пальмы’ (Праабражэнскі, 2, 244; Фасмер, 3, 543; Махэк₂, 535).
Сагайда́к ’чахол для лука’, ’увесь набор збруі конніка: лук з чахлом і калчан са стрэламі’ (ТСБМ). Ст.-бел. сагайдакъ, саадакъ, сайдакъ, согайдакъ, согойдакъ (пачатак XVI ст.), працягвае ст.-рус. саадакъ, сайдакъ, сагайдакъ; параўн. і ст.-укр. сайдакъ, сагайдакъ (XV ст.), гл. Булыка, Лекс. запазыч., 71. Укр. сагойда́к, сайда́к, рус. дыял. саада́к, сагада́к, сайда́к, польск. sahajdak, sajdak ’тс’ (XVII ст., з усходнеславянскіх, Брукнер, 479). Запазычанне з цюрк., параўн. казах., чагат., алт. sadak, балкар. sadaq, sadaɣ ’стрэлка’, тат., чагат. saɣdak ’калчан’, манг. sagadag ’лук і стрэлы’. Гл. Фасмер, 3, 540, 543 з літ-рай. Аб гісторыі гэтых назваў у рускай мове гл. Адзінцоў, Этымалогія–98 і наст.
Сага́н ’чыгун’ (ТСБМ, Касп., Гарб., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бес., Сцяшк., Шн. 3, Шатал., Жд. 1, 2, Мат. Гом., Сл. Брэс., З нар. сл.), ’паліваны чыгун з двума вушкамі’ (Сл. ПЗБ, ТС), саганец ’тс’ (Янк. БП), ’высокі чыгун з вушкамі’, ’нізкі тоўсты чалавек’ (ТС). Укр. сага́н ’кацёл, вялікі гаршчок, посуд наогул’, рус. дыял. сага́н ’міска, чаша’, польск. sagan ’вялікі металічны гаршчок’. Запазычанне з тур., крым.-тат. sahan ’блюда з накрыўкай, міска, чаша’ ад араб. ṣaḥn (Радлаў, 4, 282; Міклашыч, 287; Фасмер, 3, 543). Польскае запазычана праз усходнеславянскія або вянгерскую мовы (Брукнер, 479). Паводле Козырава (Лекс. тюрк., 74) непасрэднай крыніцай беларускага слова з’явілася ўкраінская мова.
Сагане́ць ’моцна ліць (пра дождж)’ (маст., Сл. рэг. лекс.). Відаць, рэгіянальны цюркізм; параўн. тур. saganak ’навальніца, лівень’. Аб магчымасці непасрэдных запазычанняў з мовы татар, якія жывуць на Беларусі, гл. Жураўскі, Лекс. тюрк., 93).
Сага́нка ’цыганка’ (Сл. ПЗБ). З цыганка (гл.) у выніку дыялектнага змянення ц > с, аб якім гл. Карскі, 1, 362–363.
Сагла́с ’згода’ (Шат.), сагла́сіе, сагла́сія, сагла́се ’тс’ (Сл. ПЗБ), сагласі́цца ’згадзіцца’ (Сл. ПЗБ). З рус. согла́сие, согласи́ться, якія запазычаны з царкоўнаславянскай мовы. Гл. голас.
Саго́нь ’сёння’ (Сл. Брэс.). З рус. сегодня ’тс’; першапачаткова было, магчыма, сагоднь, потым дпʼ > ннʼ > нʼ.