Сагайда́к ’чахол для лука’, ’увесь набор збруі конніка: лук з чахлом і калчан са стрэламі’ (ТСБМ). Ст.-бел. сагайдакъ, саадакъ, сайдакъ, согайдакъ, согойдакъ (пачатак XVI ст.), працягвае ст.-рус. саадакъ, сайдакъ, сагайдакъ; параўн. і ст.-укр. сайдакъ, сагайдакъ (XV ст.), гл. Булыка, Лекс. запазыч., 71. Укр. сагойда́к, сайда́к, рус. дыял. саада́к, сагада́к, сайда́к, польск. sahajdak, sajdak ’тс’ (XVII ст., з усходнеславянскіх, Брукнер, 479). Запазычанне з цюрк., параўн. казах., чагат., алт. sadak, балкар. sadaq, sadaɣ ’стрэлка’, тат., чагат. saɣdak ’калчан’, манг. sagadag ’лук і стрэлы’. Гл. Фасмер, 3, 540, 543 з літ-рай. Аб гісторыі гэтых назваў у рускай мове гл. Адзінцоў, Этымалогія–98 і наст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)