Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сафі́т, софі́т ’падшыўка дошак да столі’ (ТС), су́фіт, суфэ́т ’столь’ (Сл. Брэс.). Этымалагічна тое ж, што і літар. сафі́т ’паверхня якой-небудзь архітэктурнай дэталі, якую можна бачыць знізу’, ’прыстасаванне ў карнізе, якое дае рассеянае святло і інш.’ (ТСБМ). З італ. soffiito ’столь’ (ТСБМ, там жа) праз заходнееўрапейскія мовы; у першым значэнні праз польск. sufit ’ніжняя паверхня столі; столь’; гл. SWO, 710.

Саф’я́н ’мяккая, добра вырабленая звычайна яркага колеру авечая скура, якая ідзе на кніжныя пераплёты, абутак, абіўку мэблі’ (ТСБМ), сапʼя́н ’тс’ (ТС). Рус. сафья́н, укр. сапʼя́н, сафʼя́н, польск. safian, чэш., славац. safián, балг. сахтия́н. Праз цюркскія мовы, параўн. тур., балкар., карач. saxtijan ’тс’, крым.-тат., кыпч. saktyjan (гл. Радлаў, 4, 256, 282; Фасмер, 3, 566) з перс. sextijān ’тс’ (гл. Праабражэнскі, 2, 254; Махэк₂, 535), якое звязана з пярс. sext ’моцны, цвёрды’ (Локач, 140). Этымалогія Міклашыча (287) і Брукнера (479) ад назвы горада Саффі у Марока аспрэчваецца Літманам (гл. Фас мер, 3, 566). Ст.-бел. сафьянъ, сафьанъ, сафиянъ з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 115.