Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сак1 ’жаночая вопратка тыпу кароткага прасторнага паліто’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Хрэст. дыял.), ’верхняя жаночая вопратка на ваце’ (ТС), ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру’ (Янк.), ’жаночае адзенне’ (Сл. ПЗБ), ’жаночае паліто’ (Бяльк.). З польск. старога sak ’жаночая прасторная вопратка’, якое, відавочна, як і рус. сак ’прасторны, падобны на мяшок плашч’ запазычаны з франц. sac ’плашч’, першапачаткова ’мех’. Аб рускім слове гл. Фасмер, 3, 546. Гл. наступнае і сачык. Ст.-бел. саакъ, сакъ у значэнні ’мяшок; жаночая вопратка; рыбалоўная сетка; мера мёду’ (XVI ст.) з ст.-польск. sak (Булыка, Лекс. запазыч., 104).

Сак2 ’рыбалоўная снасць у выглядзе сеткі, нацягнутай на абруч’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ’рыбалоўная перастаўная пастка, звычайна пазавая’ (Крыв.), сачо́к ’рыбалоўная сетачка, якая прывязана да жэрдкі’ (Нас.). Гл. таксама ЛА, 1, Карта № 333. Агульнаславянскае. Укр. сак ’ручная сетка’, рус. сак ’від рыбалоўнай сеткі’, ’торба для корму ў кавалерыі’, польск., чэш., славац. sak ’кашэль, мех’, в.-луж. sak ’сетка’, серб.-харв. са̏к ’мех для сена’, славен. sàk ’рыбалоўная сетка’, балг., макед. сак ’тс’. Большасць даследчыкаў (Мюлер, BB 1, 279; Міклашыч, 287; Сной₁, 551; падрабязна гл. Фасмер, 3, 546) лічаць запазычаннем з грэч. ςακκος ад ст.-яўр. (фінікійскага) saq ’мех, шарсцяная тканіна, адзежа’ праз нар.-лац. saccus ’мех’ або італ. sacco ’кашальковая сетка’. Са́ква ’торба з кормам у конніцы’ сведчыць аб існаванні формы *saky, ‑ъve, якая наблізілася да слав. асноў на ‑ŭ. Менш верагодным лічыцца запазычанне праз гоц. sakkus ’мех’ (Уленбек, AfslPh, 15, 491) або з лац. sagena праз ням. Sack (Махэк₂, 536). Гл. таксама Шустэр–Шэўц, 2, 1264–1265; БЕР, 6, 423–424.

Сака́ ’асака’ (Нас., Бяльк., Жд. 2, Мат. Гом., Мат. Маг.), ’балоцістая нізкая сенажаць, дзе расце асака Carex’ (Грыг.). З асака (гл.) у выніку адпадзення а‑.

Сакаві́к ’трэці месяц каляндарнага года’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ’сок бярозы, клёна’ (Шат.). Укр. дыял. сокові́к, соче́нь ’тс’. Да сок, таму што бярозы ў пачатку вясны багатыя на сок (Шаўр, Этымалогія–1977, 95).

Са́канка ’мука грубага памолу’ (Сцяшк. Сл.). З *секанка < сячы.

*Сакарына, сокоры́на ’ясакар’ (Бес.), сакары́ ’ясакары’ (Скарбы), сакары́на ’буслава гняздо’ (Сцяшк. Сл.). Укр. сокори́на ’ясакар’, польск. sokora ’чорны топаль, ясакар’ з усходнеславянскіх (Брукнер, 506). З ясакар з адпадзеннем пратэзы і суф. ‑ina. Выклікае сумненне значэнне ’буслава гняздо’. Мабыць, ’сакарына з гняздом бусла’.

*Сакары́ць, сокори́ти ’кудахтаць’ (Клім., Бес.). Укр. сокори́ти ’тс’, сокору́ха — эпітэт курыцы. Мабыць, таго ж паходжання, што і сакатаць (гл.) з нарашчэннем ‑ар‑.

Саката́ць ’сакатаць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Сцяшк., Гарэц., Шн., Янк. 3.. Інстр. 2, 3, Зн., дыс.), сокоті́ты ’раўнамерна, хораша пастукваць (пра новы воз)’ (Нар. лекс.). Рус. сокота́ць ’балбатаць (як сарока), гагатаць’, ’кудахтаць’. Звязваюць з слав. *sokъ ’ісцец, выведнік, лазутчык’, рус. са́кать ’перагаворвацца’, балг. са́кам ’патрабую, хачу’ і далей з літ. sakýti, sakaũ ’гаварыць’ (Мікуцкі, 70, 365), лат. sacît, saku ’тс’, лац. in‑seque ’абвясці’, ст.-в.-ням. sagên ’гаварыць’, грэч. ένισπου ’скажы’ (Траўтман, 255; Фрэнкель, ZfslPh, 20, 51; гл. таксама Фасмер, 3, 708, там жа і іншая літ.). Сюды ж со́кот — дэвербатыў ад сакатаць і сакату́ха ’курыца’.

Са́ква ’кавалерыйская сумка для аўса і прадуктаў’ (ТСБМ). Ужо ст.-бел. саква ’торба’, 1616 г., запазычанне з ст.-польск. sakwa; Булыка, Лекс. запазыч., 103. Далей гл. сак2.

Саквіста́тар старое ’судовы выканаўца’ (Сл. ПЗБ, Скарбы). З польск. sekwestrator ’тс’. Апошняе з лац. seqwestrator ’тс’ (Дарашэўскі, 8, 128).

Саке́лка ’торба’ (Кос.), сʼакʼелка ’аброчная торба’ (віц., ДАБМ, камент., 825). Запазычанне з польск. sakiewka ’мяшочак, торба’, якое з’яўляецца памяншальным да sakwa ’тс’; Брукнер, 479. Гл. сак2, саква.