Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Саха́ ’саха, земляробчая прылада’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Янк. 2; пруж., КЭС; Мат. Гом.; Янк., Бес.), ’акучнік’ (Сл. ПЗБ), ’слуп з развілінай наверсе, які служыць апорай чаму-небудзь’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Некр., Выг., Шушк., Мат. Гом., Янк., Янк. 2), ’частка калодзежнага жураўля, слуп’ (Сл. ПЗБ, Шат., Янк. 2, Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Бір., Жд. 1, Тарн.), ’частка ствала дрэва, ад якой адыходзіць некалькі макушак’ (Інстр. 3), ’завостраны кол, прыстасаванне для тармажэння плыта’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл.), старое ’мера зямельнага падаткаабкладання’ (ТСБМ), ’зямельная мера’ (Выг.), ’частка сахі ў выглядзе доўгай жардзіны, да якой збоку прыпрагаўся конь’ (Сл. рэг. лекс.), мн. сахі́ ’рогі лася’ (ТСБМ), сахо́та ’саха’ (Сцяшк. Сл.), со́хі мн. л. ’накрыж укопаныя падпоркі’ (Касп.), ’слупы ў гаспадарскім будынку’ (Сцяшк.), ’даўнейшы ткацкі станок, прасцейшы за кросны’ (бялын., Нар. сл.), со́шкі ’столбікі ткацкага станка’ (Шат.), ’вілаватыя палкі, якія ставяць па баках воза, калі кладуць сена’ (Бяльк.). Рус. соха́ ’земляробчая прылада; падпорка, слуп, частка калодзежнага жураўля’, ’мера зямлі’, укр. соха́ ’падпорка’, стараж.-рус. соха ’кол, дубіна, падпорка, саха’, ’мера плошчы’, польск. socha ’развілак’, в.-луж., н.-луж. socha ’кол з развілкамі’, чэш. socha ’статуя’, дыял. ’кол з развілкай, падпора; частка калодзежнага жураўля і да т. п.’, славац. socha ’калона’, серб.-харв. со̀ха ’палка, кій з развілкай’, серб.-ц.-слав. соха ’тс’, славен. sóha ’слуп з папярочкай’, балг., макед. соха́ ’кій з развілкай’. Прасл. *soxa ’кол, дрэва з развілкай’; з гэтага значэння выцякаюць усе астатнія. Слова лічыцца спрадвечна славянскім, запазычанне выключаецца. Бліжэйшыя адпаведнікі бачаць у літ. šakà ’галузка, сук, развіліна’, лат. saka ’разгалінаванае дрэва’, sakas ’хамут, ярмо’, ст.-інд. çā́khā ’галінка, сук’, перс. šāx ’галінка, сук, рог’, гоц. hôha ’плуг’ і г. д. (Траўтман, 297; Фасмер, 3, 729–730), усе да і.-е. *k̑ak‑ ’галузка’ (Покарны, 523; Шустэр–Шэўц, 1331); ‑x‑слав. чакалася б *soka, як бачым з параўнанняў) тлумачыцца як новы суфікс, як у чэш., польск. brach, bracha < brat(r) (Махэк₂, 565–566); спірантызацыя ‑к‑ (Брукнер, 505–506), або ў Борыся, 566 як суф. ‑sā: *kʼăk‑sā (як страха). Трубачоў, Ремесл. терм., 160–161, падкрэсліваючы, што прасл. *soxa датычыцца толькі адсечанай часткі дрэва, звычайна вызначанай формы, узводзіць прасл. слова да больш старажытнага *soka, дэрывата ад *sěkti (гл. сячы), а ‑x‑ тлумачыць, услед за Брукнерам, як спірантызацыю ‑к‑ па семантычных матывах. Аналагічна Страхаў, Palaeoslavica, 13/2, 6.

Сахаві́лы ’драўляныя вілы для гною’ (ТС, Выг., Сл. Брэсц.), суховілкі ’тс’ (Жыв. сл.), ’вілкі з трыма зубамі’ (пін., Шатал.), ’палка з раздвоенымі канцамі’ (палес., Сл. ПЗБ), соховы́ла ’лапы драўлянай сахі, канцы якіх пераўтвараюцца ў ручкі’ (палес., Нар. лекс.). Беларуска-палеска-украінская ізалекса: параўн. укр. дыял., палес. сохові́ли ’драўляныя вілы для гною’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 18). Да саха і вілы (гл.), першапачаткова, мабыць, саха, г. зн. палка з раздвоенымі канцамі, якая ўжывалася замест віл.

Са́хар ’цукар’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’строгі, суровы, сварлівы муж’ (Нас.). Ст.-бел. сахаръ ’тс’ (Булыка, Запазыч., 294). Рус. са́хар, укр. са́хар(ь), ст.-рус. сахаръ (Кірыла Тураўскі, Афанасій Нікіцін і інш.). З грэч. σάκχαρο ад палі sakkharā, ст.-інд. çárkarā ’гравій, галька, пясок; цукар-пясок’ (гл. Праабражэнскі, 2, 254; Фасмер, 3, 567 з іншай літаратурай). Сучаснае беларускае са́хар, відаць, новае запазычанне з рус., прынамсі аўтары Сл. ПЗБ (4, 376) параўноўваюць з рускім са́хар.

Сахары́н, сахары́на ’белае крышталічнае вельмі салодкае рэчыва; сурагат цукру’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сахары́на ’тс’ (Янк. 2). З рус. сахари́н ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 42), якое з ням. Sacharin, утворанага вынаходнікам рэчыва К. Фальбергам з Насаў у 1879 г. ад лац. saccharum ’цукар’ (гл. Фасмер, 3, 567).

Саха́ты ’з галінастымі рагамі’, ’лось’ (ТСБМ). Рус. соха́тый ’тс’. Да саха (гл.).

Сахо́р ’жалезныя вілы для накідвання гною’ (ТСБМ, Янк. 1, Мат. Гом., Мат. Маг.), ’драўляныя вілы для гною’ (Шат., Бір., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Сержп.), сахо́р, со́хар ’тс’ (Клім.), саха́р, сахо́р, соха́р, сухары́ ’тс’ (Сл. Брэс.), ’саха ў будане’ (віц., Нар. сл.), сахі́ра ’саха, слуп з развілінай уверсе’ (Касп.), ’саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 808), сахіры́ ’конусападобнае прыстасаванне з жэрдак для сушкі травы, бульбоўніка і да т. п.’ (Сл. ПЗБ). Укр. соха́р ’бервяно з развілінай, якое стаіць на плыту’, со́хур ’вілка для лоўлі рыбы зімой’, рус. дыял. сохры́ ’грубкі на лёдзе’, сохи́рь ’дрэва з развілкай’, польск. дыял. sochor ’жэрдзі’, в.-луж. sochor ’жэрдзь, рычаг’, чэш. sochor ’жэрдзь, якая служыць рычагом’, славац. sochor ’тс’. Прасл. *sochorъ, *sochyrъ. Ад *socha (гл. саха) з суф. ‑or, ‑yr; гл. Фасмер, 3, 730; Махэк₂, 565 і наст., Шустар-Шэўц, 2, 1331. Аб варыянтнасці суф. *‑or, *‑yr, славянскіх мовах гл. Варбат, Этымалогія–1974, 42.