Сахо́р ’жалезныя вілы для накідвання гною’ (ТСБМ, Янк. 1, Мат. Гом., Мат. Маг.), ’драўляныя вілы для гною’ (Шат., Бір., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Сержп.), сахо́р, со́хар ’тс’ (Клім.), саха́р, сахо́р, соха́р, сухары́ ’тс’ (Сл. Брэс.), ’саха ў будане’ (віц., Нар. сл.), сахі́ра ’саха, слуп з развілінай уверсе’ (Касп.), ’саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 808), сахіры́ ’конусападобнае прыстасаванне з жэрдак для сушкі травы, бульбоўніка і да т. п.’ (Сл. ПЗБ). Укр. соха́р ’бервяно з развілінай, якое стаіць на плыту’, со́хур ’вілка для лоўлі рыбы зімой’, рус. дыял. сохры́ ’грубкі на лёдзе’, сохи́рь ’дрэва з развілкай’, польск. дыял. sochor ’жэрдзі’, в.-луж. sochor ’жэрдзь, рычаг’, чэш. sochor ’жэрдзь, якая служыць рычагом’, славац. sochor ’тс’. Прасл. *sochorъ, *sochyrъ. Ад *socha (гл. саха) з суф. ‑or, ‑yr; гл. Фасмер, 3, 730; Махэк₂, 565 і наст., Шустар-Шэўц, 2, 1331. Аб варыянтнасці суф. *‑or, *‑yr, славянскіх мовах гл. Варбат, Этымалогія–1974, 42.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)