Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Саж ’сажалка’ (Нас.), ’невялікі хлеў’ (Мат. Гом.), ’маленькі хлявок для парасят, які выгароджваецца ў хляве’ (Ян.), ’садок для рыб’ (ТС), ’азярцо паблізу прытока ракі, якое служыць садком для рыбы перад замаразкамі зімой’, ’скрынка для трымання ў рацэ жывой рыбы’ (Яшк.). Укр. саж ’хлеў, дзе зачыняюць жывёліну для адкормлівання’, ’плецены кош для захоўвання злоўленай рыбы’, рус. кур. саж ’хлеў або перагародка для свіней’, польск. sadz ’скрынка з адтулінамі для захоўвання ў вадзе злоўленай рыбы’. Паўн.-прасл. *sadjь < *saditi ’садзіць’, г. зн. ’тое, у што садзяць’.

Са́жа ’прадукт няпоўнага згарання паліва, які чорным налётам асядае ў комінах, дымаходах і пад.’, ’хвароба хлебных злакаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), са́джа ’тс’ (Касп., Сл. ПЗБ), ’спарыння, чорнае зерне ў пшаніцы, просе’ (Шатал., Выг.). Рус., укр. са́жа, ст.-слав. сажда, польск. sadza, каш. saʒ, в.-луж. sazy мн. л., н.-луж. дыял. saze мн. л., чэш. sáze, славац. sadza, славен. sája, балг. са́жда, са́жди мн. ’сажа’, макед. са́жда. Прасл. *sadja, дэрыват з суф. ‑ja ад *sěsti, *sędǫ ’сесці’ (SP, 1, 82), г. зн. ’тое, што насела, асадак’. Роднасныя літ. súodžiai ’сажа, копаць’, англ.-сакс., ст.-ісл. sót, англ. soot, ірл. suide (*sōdi̯ā). Гл. Траўтман, 273; Зубаты, BB 18, 257, Фасмер, 3, 544; Борысь, 537; Махэк₂, 738; Шустар-Шэўц, 2, 1270–1271; Сной₁, 551.

Са́жалка ’штучны вадаём’, ’садок для рыбы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Янк., Выг., Клім., Інстр. 1), са́джалка ’тс’ (Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), са́жэлка ’тс’ (ТС), са́жаўка ’тс’ (Сцяшк. Сл., Скарбы, Сл. ПЗБ), ’старык ці прарытая вадой упадзіна; круглая яма’ (Яшк.), ’яма з вадой’ (Шат.). Рус. дыял. са́жалка, укр. са́жалка, са́жавка, польск. sadzawka ’тс’. Да сажаць, садзіць з суф. ‑алка, гл. Брукнер, 478. Для тлумачэння матывацыі Борысь, 537 прыводзіць прыклад з XVI ст.: “sadzawka… kędy ryby sadzają”. З бел. запазычаны літ. sazalka, sõziauka ’сажалка’ (Скарджус, LW 203; Фрэнкель, 1, 286).

Са́жань ’старая адзінка меры даўжыні, роўная 3 аршынам, або 2,134 м, якая ўжывалася ў Расіі і Беларусі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер’, ’прылада да абмервання зямельных участкаў’ (ТСБМ, Др.-Падб., Сцяшк., Янк., Мат. Гом.), ’старая мера дроў’ (Скарбы, Колас), са́жэнь ’сажань’ (ТС). Ст.-бел. сажень ’адзінка вымярэння даўжыні’. Рус. са́жень ж. р., укр. са́жень м. р., ст.-рус. сажень, сѧжень, сербск.-ц.-слав. сѧжень, польск. sążeń, в.-луж. sažeń, н.-луж. sežań, sćežań, ст.-чэш. sažež, чэш. sáh, славац. siaha, серб.-харв. се̏жа̑њ, славен. sé̻ženj ’сажань’. Прасл. *sęženь утворана ад прасл. *sęgati (гл. сягаць), дыял. прасл. *sęžanь (*sęg‑ěnь), гл. SP, 1, 125, з першасным значэннем ’мера даўжыні ад пальцаў адной да пальцаў другой распрасцёртых рук’ (Міклашыч, 291; Брукнер, KZ, 46, 234; Праабражэнскі, 2, 244; Махэк₂, 535). Фасмер, 3, 545 адхіляе рэканструкцыю Міккалы (LF, 8, 302) прасл. *sogeni‑ і параўнанне з літ. síeksnis ’сажань’, улічваючы ст.-рус. і інш. слав. формы. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 2, 1271; Борысь, 540.

Сажо́нка ’расліна анемона люцічная Anemone ranumculoides L.’ (Кіс.). Рус. сазо́нчики ’Pulsatilla vulgaris L.’, самсо́нички ’Pulsatilla patens Mill.’, польск. sasanka ’Anemone pulsatilla L.’, чэш. sasanka ’расліна Anemone’, серб.-харв. sása ’Pulsatilla’, балг. са́сан ’расліна Hepatica triloba’. Ва ўсходнеславянскіх мовах, відаць, запазычанне з польскай, якое падверглася розным фанетычным зменам; напэўна, яно было збліжана і з дзеясл. садзіць, сажаць. Адносна паходжання этымона гл. Махэк₂, 537; там жа і літ-pa. Гл. сасонка.

Сажо́нкі ’стыль плавання з папераменным выкідваннем уперад то адной, то другой рукі’ (ТСБМ). Рус. сажо́нки ’тс’. Да сягаць, сажень (гл.). Магчыма, вуснае запазычанне з рускай.

Сажо́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы’ (ЛА, 1). Рус. тул. сожа́р, сажо́р ’тс’. Скарачэнне з валасажар (гл.). Фасмер, 3, 706 рускія словы выводзіць з стожа́р.