Валасажа́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, Плеяды’ (Бяльк.). Іншыя назвы вісыжар, валоскі, валосны, стажары (гл.). Рус. волосожары, стожары, висожары, тул. сожар, сажар ’тс’, укр. волосожар, ц.-слав. власожельць, власожелишти, власожилишти, власожалицѧ ’тс’ (Сразн., 1, 270), серб.-харв. вла̏шићи ’тс’. Апошняе Міклашыч (394) звязвае з волох, влах, старой назвай раманскіх народаў. Наяўнасць назваў тыпу валоскі, валосны, рус. волосыни, ст.-рус. волосыни ’тс’ дало падставу звязаць назву сузор’я з волас (Праабражэнскі, 1, 93; Фасмер, 1, 343; Рудніцкі, 1, 469; Скок, 3, 609). Такім чынам, існавалі, відаць, дзве назвы Плеяды — ад волас і ад стажара (Фасмер, 3, 764), якія былі збліжаны і кантамінаваны. Вісыжар, магчыма, з’яўляецца другасным утварэннем, узнікшым у выніку змешвання валасы і вісы, віскі ’валасы на скронях’ (версія В. У. Мартынава).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)