Віскі́ ’скроні’ (капыл., КЭС, Жд., 3), укр. висок, мн. л. виски́, рус. виски ’тс’, наўг., ярасл. ’старое адзенне’; ’валасы на галаве’, арл. ’валасы на скронях’, бранск. ’валасы на целе чалавека’, пенз. ’жаночы галаўны ўбор’, ст.-рус. високъ ’падвеска — частка конскай збруі (убору)’ (з XVII ст.). Усходнеславянскае високъ. Узыходзіць да visъ, visěti (Гл. таксама віс 3). Бел. лексема, такім чынам, спачатку абазначала ’тое, што вісіць’ — ’валасы (якія вісяць)’ — ’вісячыя валасы на скронях’, потым — ’скроні’ (Фасмер, 1, 320; Шанскі, 1, В, 106).
Ві́скі ’моцная гарэлка (Англія, ЗША)’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. виски ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80) < англ. whisky, whiskey, якое з whisquy‑beath < гэльск. uisge‑beatha ’вада жыцця’, што з’яўляецца калькай з франц. eau de vie < с.-лац. aqua vitae ’вада жыцця’; параўн. рус. водка < вода (Шанскі, 1, В, 105).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)