Віс 1 ’назва травы’ (Мат.). Карскі (Труды, 479) лічыць слова толькі палескім, супастаўляючы яго з варыянтам віш; параўн. лун. віш ’трава другога ўкосу’, петрык. ’подсціл’ і бяроз. выша́р ’тс’ (Шатал.). Адпаведнікі знаходзім у гаворках польскай моўнай тэрыторыі: wis//wisz ’чарот, Scirpus L.’, wis ’аер, Acorus L.’; ’від кіслай травы (асака?)’; ’мокры з чаротам луг’, wisowata łąka ’благое сена’, wiszowaty (аб сене) ’тс’, н.-луж. wis ’чарот’, а таксама ў славенкай мове: víš ’асака, Carex L.’, серб.-харв. виш ’расліна’. У гэту групу ўваходзіць і палес. вішар (гл.), драг. выше́р ’старая, у свой час не скошаная трава, якую выкарыстоўваюць пераважна для подсцілу’, сюды ж укр. виш ’тс’, виша́р ’леташняя трава’, польск. wiszar ’гушчар, нетры, зараснік’, рус. кур. виш ’кусты, купіны ў паплавах, зарослыя леташняй травой’, калін., сіб. виша ’губка, Bodiaga fluviatilis et lacustris’. Відавочна, звязана з літ. viksvà ’асака’, vìkšris ’сіт, Jungus L.’, прус. wissene ’трава’, weysigis ’луг’, ням. Wiese ’луг’, ст.-ісл. veisa ’іл’ (Брукнер, 624–625).
Віс 2 ’вісячае становішча цела гімнаста пры гімнастычных практыкаваннях’ (КТС), укр. вис, рус. вис, чэш., славац. vis, в.-луж. wis, польск. zwis, балг. вис ’тс’. У рускай мове гэта новая лексема (ССРЛЯ, 2, 389), якая паходзіць з чэш. мовы (КЭСРЯ, 63). Бел. слова запазычана з рус. мовы. Да вісе́ць (гл.).
Віс 3 ’тое, што вісіць’ (палес., Маш.), магчыма, в.-луж. wis ’схіл, склон, адхон, навісь, правес’. Палес. слова з’яўляецца (у фальклоры) дэсемантызаваным прасл. visъ. Да вісе́ць (гл.).
Віс 4 ’мера вагі (для солі)’ (Кольб., 52, 78). Відавочна, да віс 3.