Сасо́ннік ’сон-трава Anemone pulsatilla L.’ (Шат.), сасну́лькі ’сон’ (астрав., Сл. ПЗБ). Польск. sasanka, sesenki, чэш. sasanka, серб.-харв. sása ’тс’, балг. сасан ’Hepatica triloba’, сасанка ’тс’, дыял. таксама сасенка; сюды ж, магчыма, і рус. сазончики ’Anemone pulsatilla L.’ і самсонички ’Pulsatilla pratens Mill.’ Неяснае слова. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) мяркуе, што славянскія словы — гэта запазычанне са ст.-грэч. σουσον ’лілея’, якое на славянскай глебе падверглася розным пераўтварэнням і ўплыву народнай этымалогіі, якая звязала назву гэтай расліны з сон (гл. сон-трава). Грэч. слова Дурыданаў звязвае з ст.-егіпец. s‑š‑n ’лотас’, копц. šošen ’лілея’, ст.-яўр. šošan, араб. susan ’лілея’, пярс. susän ’лілея, касач’, тат. susan ’касач’. Для беларускага слова магчыма польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538, выклад гіпотэзы Дурыданава.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)