Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Супу́льны ’агульны, супольны’ (брасл., Сл. ПЗБ). Аўтары (там жа) параўноўваюць з польск. wspólny ’тс’; аднак тут, відаць, кантамінацыя супольны і wspólny.

Су́пчык ’нягоднік’ (Юрч. Мудр.). Запазычанне вусным шляхам з рус. су́бчык ’тып’, памяншальнае ад субъект ’тс’.

Су́пша ’сумесь збожжа, мукі’ (Мат. Гом.). Архаізм, утвораны пры дапамозе прэфікса су- і элемента ‑пша, што атаясамліваецца з пачаткам слова пшаніца, параўн. падобныя ўтварэнні суржык (< рож ’жыта’), су́ярак, гл. (< яр ’яравое збожжа’). Выводзіцца з *pьx‑ja ад *pьxati ’таўчы’, прадстаўленага ў непша ’прымесь у просе’ (гл.), польск. samopsza ’гатунак пшаніцы’ (< *samo‑pьx‑ja, гл. Слупскі, Зб. Слаўскаму, 350).

Супыні́ць ’спыніць, затрымаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), супыні́цца ’спыніцца, затрымацца’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. зупинити ’затрымаць, спыніць’, балг. дыял. супѝнъм ’затрымаць; стрыножыць’ і інш. Гл. спыніць, пыніць.

Супэ́ль ’сопель, смаркач’, ’лядзяш’ (Клім.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.). Паводле Горбача (там жа, 8), суадносіцца з польск. дыял. sąpel ’лядзяш’; параўн. таксама польск. sopel, дыял. sumpel, supel ’сусолка, замёрзлая сцякаючая вадкасць’ (гл. соплі), семантычна далёкае (з метафарычным пераносам) польск. supeł ’вузлік’, гл. супо́л.

Супэнду, спэнду ’з перапуду, з перапалоху’ (Кал.). Адаптаваны паланізм, параўн. польск. z pędu ’сходу, адразу’, дыял. spęd ’зручны выпадак, смеласць’, што да pęd ’рух, бег, імпэт’. Відаць, недакладнае тлумачэнне, хутчэй ’адразу, не марудзячы’: не ўспела супэнду дзяўчына бацьку адказ даць, на што, магчыма, паўплывала збліжэнне з генетычна тоесным пуд ’страх, перапалох’ (гл.).

Супярэ́чыць ’не згаджацца, працівіцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк.), суперэ́чыць ’ставіцца адмоўна’ (ТС). Да пярэчыць, гл.

Супя́чыцца ’працівіцца, пярэчыць’ (ТС). Да пякаць, гл.