Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сухі́ ’не мокры, пазбаўлены вільгаці’, ’сухарлявы, хударлявы’, ’незабалочаны’, ’засохлы (пра дрэва)’ (Сл. ПЗБ, ТС), ’нішчымны’ (Сл. Брэс.), ’посны; без тлушчу, без прыпраў’ (Вешт.); сюды ж су́хлы ’невільготны, сухаваты’ (Ласт.). Укр. сухи́й ’сухі; хударлявы; нішчымны, без тлушчу’, рус. сухо́й ’сухі; хударлявы’, стараж.-рус. сухъ, польск. suchy, в.-луж. suchi, н.-луж. suchy, чэш., славац. suchý, серб.-харв. сух, славен. sȗh, балг. сух, макед. сув, ст.-слав. соухъ ’сухі’. Прасл. *suchъ роднаснае літ. saũsas ’сухі’, лат. sàuss, ст.-прус. sausai прысл. ’суха’, грэч. αυος ’сухі’, с.-н.-ням. sôr ’сухі’, ст.-інд. çoṣos ’сухасць’ і г. д.; гл. Траўтман, 250 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 776–777; Покарны, 880–881; Фасмер, 3, 813; Махэк₂, 591–592; Скок, 3, 357–358; Шустар-Шэўц, 1376–1377; узводзяць да і.-е. *sau̯so‑ ’сухі’, гл. Бязлай, 3, 339; Борысь, 586; ЕСУМ, 5, 486–487. Гл. таксама сохнуць.

Су́хлік ’лядзяш’ (Мат. Маг.). Відаць, да суслік3 са збліжэннем да сухі, гл.

Сухля́к ’від грыбоў Lentinus (Fr.)’ (Сярж.–Яшк.). Параўн. рус. суха́рик ’сыраежка бурачковая, Russula obscura Romell.’, суха́рь ’сыраежка белая, Russula delica Fr.’. Да сухі (гл.), названы паводле кансістэнцыі мякаці — сухой і пругкай, якая не гніе, а засыхае пасля даспявання (Сярж.–Яшк., 57; Мюллер, SlW, 46).

Су́хмаркі ’бездажджавыя хмаркі, белыя воблачкі’ (Сцяшк.), су́хмарак ’воблака’ (Нар. Гом.). З су- і хмарка, гл. хмара.

Сухме́нь ’сухое гарачае надвор’е’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Мат. Гом., Растарг.), ’сухое месца’ (Нас.; слаўг., Яшк.), ’сухое месца паміж балотамі’ (ц.-палес., Талстой, Геогр., 128), сукмеɣннік ’грудок на балоце; падсохлая глеба ў берага’ (< сухменнік) (зах.-палес., Талстой, там жа), сухмі́нь ’сухое месца’ (слаўг., Яшк.). Укр., рус. сухме́нь ’сухое месца’ і да т. п.; дакладную паралель бачыць у літ. sausmenà ’сухое месца’ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193). Дэрываты ад сухі (Фасмер, 3, 813) з фармантам ‑мень/‑мінь; да суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 76. З іншым суф. ‑ель‑ сухме́ль ’цеплата, суш’ (круп., Сл. ПЗБ), сюды ж сухмельня ’ёўня’ (Мат. Маг.). Паводле Карскага (2–3, 29), у выніку змены ранейшага суф. ‑ман‑ пад уздзеяннем суф. *‑men‑, які ўтвараў асновы на зычны, параўн. сухмя́ны ’сухі’ (Ласт.), сухме́ць ’засуха’ (Касп.).

Сухо́ткі ’агаткі, Antennaria dioica (L.) Gaertn.’ (паўн.-зах., ЛА, 1). Магчыма, першаснае ⁺сухо́тка ўтворана ад прыметніка сухо́ткі ’вельмі сухі’ (Цых.), гл. сухоты.

Сухо́тнік ’сушаніца, Gnaphalium L.’ (Ласт., Кіс., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’кмен, Helichrysum L.’ (Расл. св., Сл. ПЗБ), сухо́тнік лесавы ’крынічнік лекавы, Veronica officinalis L.’ (Ласт., Кіс.), сухо́тнік ’старасцень якава, Senecio jakobaea L.’ (Кіс.), ’агаткі, Antennaria dioica L.’ (паўн.-зах., ЛА, 1), сухо́тнык ’старасцень’ (Сл. Брэс.), сухо́тнік ’цыкорыя звычайная, Cichorium inthybus L.’ (Бейл.), сахо́тнік ’старасцень вясенні, Senecio vernalis W. et K.’ (Кіс.). Параўн. укр. сухі́тник ’расліна для лячэння ад сухотаў’, ’сушаніца, крынічнік і інш. расліны’, польск. suchotnik ’кмен’. Вытворныя ад сухота, сухоты (гл.) у розных значэннях, якія наклаліся адно на адно, параўн. амонім сухо́тнік ’хворы на сухоты’ (Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), у сувязі з чым спробы размежаваць назвы раслін лекавых і нялекавых (параўн. ЕСУМ, 5, 488) не пераконваюць. Параўн. сухоткі, гл.

Сухо́ты ’туберкулёз’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Касп., Шат.; ашм., Стан.; ЛА, 3; Варл., Сержп. Прымхі, Сцяшк., ТС), ’клопат, непрыемнасць’ (ТСБМ), сухо́та ’ліха, гора’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’сухоты’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), сухата́ ’тс’ (Пятк. 2), сухо́тка ’тс’ (Касп., Пятк. 2), ’хвароба скуры ў дзяцей, сухі лішай’ (Цых.), сюды ж сухо́ты ’схуднелая асоба’ (Юрч. Вытв.), але хутчэй прым.: сухо́ты етый маліц (там жа), параўн. сухо́ткі ’вельмі сухі, высахлы’: гавёс стаў сухоткі (Цых.). Укр. сухо́ти, рус. сухо́ты, польск. suchoty, в.-луж. suchoćina, чэш. souchotiny ’туберкулёз’. Да сухі, першапачаткова nomen abstractum сухо́та, потым мн. л. для спецыялізацыі назвы, што паводле Карскага (2–3, 331), тлумачыцца “множественностью признаков” хваробы. Тая ж матывацыя ў балг. радоп. су́ва бо́лес ’тс’. Меркаванні Цвяткова (Запіскі, 2, 1, 84) пра польскі ўплыў на змену націску не пераконваюць. Гл. сухата.

Сухо́ўрыца ’сухая ежа, сухамятка’ (Нас.), ’калі сохнуць ад духоўнага недамагання’ (Варл.). Параўн. укр. дыял. сухі́вря ’сухамятка’, рус. дыял. сухо́вря, сухо́врица ’сухая, посная ежа; сухамятка’. Складанае слова, у аснове якога сухі (гл.) і дзеяслоў *vьrěti ’кіпець’ (Фасмер, 3, 813; ЕСУМ, 5, 487), параўн. урэць.

Сухо́цкі ’вельмі худы’ (Сл. ПЗБ, ТС). З *сухот‑скі (гл. сухоты); экспрэсіўнае ўтварэнне, аформленае як прозвішчнае імя параўн. аналагічнае рус. дыял. (сіб.) сухоцкій ’прозвішча жыхароў Карсунскага павета’ (Даль).