Су́сліць ’смактаць; піць, цягнуць патрошку’, ’мусоліць’ (Нас., Некр. і Байк.), ’ледзь сачыцца (пра ваду)’ (Цых.), суслі́ць экспр. ’прасці’ (Сл. рэг. лекс.); сюды ж, відаць, і сусмо́ліць ’слініць, ссаць, абсмоктваць’ (Варл.) з экспрэсіўнай устаўкай ‑мо‑, су́сліцца ’замаслівацца пры ссанні’ (Нас.). Рус. наўг. су́слить ’павольна піць; чмокаць’, су́сля ’той, хто сусліць’. Звязана чаргаваннем галосных з *sъsati ’ссаць’; гл. Фасмер, 3, 810; ЕСУМ, 5, 483.
Сусло́н ’малая ўкладка снапоў у полі’ (пін., ДАБМ, камент., 877), ’нахіл’, сусло́ны ’нахілены, пакаты’ (Ласт.). Укр. суслі́н ’укладка снапоў у полі’ (з рус., ЕСУМ, 5, 483), рус. сусло́н ’тс’. Прыставачнае ўтварэнне ад сланіць, гл.
Су́слы ’страва з семені канопляў, стоўчанага з цыбуляй і соллю’ (Нік., Оч.). Да сусла, гл.
Сусноўка (пра слабога, хілага): радзіўся, мой хлопчык, дык адзін чар быў, сусноўка (Наша слова, 1992, 13 мая). Няясна (з су- і снаваць!).
Сусо́к ’мочка, валакно’ (Ласт.). Відаць, ад ссаць ’уцягваць вадкасць’ (аўтарскі наватвор?).
Сусо́лка ’соска’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Растарг.; глыб., Сл. ПЗБ), ’лядзяш’ (Нас., Мат. Гом., Бяльк., Шатал.; брагін., З нар. сл.), ’дзіця, якое ссе палец’ (брагін., Шатал.), ’скручаная пятля ці вузел на нітцы’ (віц., ЛА, 5), сусу́лькі ’ледзяшы’ (смарг., Сл. ПЗБ). Укр. сусі́лка ’лядзяш’, рус. сусо́ла ’неахайніца’, сусо́ля ’той, хто сусліць’, сусо́лить. Да сусліць (гл.).
Су́спары ’вуглавое спалучэнне ў зрубе’ (ігн., Сл. ПЗБ). З літ. są́spara, дыял. sūspara ’тс’ (там жа).
Су́спіца ’адходы пры веянні збожжа (з дробных зярнят і пустазелля)’ (слуц., усх.-палес., Сл. ПЗБ; ЛА, 5, Шымк. Собр.), ’супражка, складчына’ (Касп.), сусьпіца, суспіца ’змешаная жытняя мука’ (Пятк. 1, ЛА, 4). Укр. дыял. су́спиця ’змешанае зерне (напр., жыта з пшаніцай, жыта з ячменем і пад.)’, рус. паўдн. су́спица ’адходы пры веянні збожжа’, старое польск. suspica ’сумесь мукі розных культур’. Паўн.-прасл. *sǫsъpъ, параўн. яшчэ стараж.-рус. сусъпъ ’складчына’, таксама польск. тапонім Sąspów (з XV ст.), аддзеяслоўны дэрыват ад *sъ‑suti ’ссыпаць разам’. Борысь (Prefiks., 107), Фасмер (3, 810), ЕСУМ (5, 484) разглядаюць як дэрыват з прыст. су- < *sǫ‑ ад асновы *sъp‑, якая звязана чаргаваннем з *suti, *sъpǫ ’сыпаць’. Гл. таксама шушпіца.
Суста́ў ’рухомае злучэнне касцей або храсткоў у арганізме чалавека, жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк.), суста́ва ’тс’ (Некр. і Байк.; ашм., Стан.; воран., шальч., Сл. ПЗБ), суста́вы ’тс’ (Ласт., Пятк. 2, Арх. Вяр.), сусто́ўка ’тс’ (Жд. 3), суста́ўкі ’суставы пальцаў’ (круп., чэрв., Сл. ПЗБ), суста́вец ’костачка’ (ТС), суста́во ’сустаў’ (Сцяшк.). Укр. суста́в, рус. суста́в, ц.-слав. сѫставъ ’тс’. У анатамічным значэнні прыставачнае ўтварэнне з *sǫ‑ (су-) ад прасл. *stavъ, *stava ’згіб, сустаў’, параўн. укр. дыял. ставець, польск. staw, чэш. stav, славац. stav ’тс’, в.-луж. staw ’канечнасць’, харв. stav(a) ’згіб, сустаў’, балг. става ’тс’, што да *staviti (гл. ставіць, параўн. стаў). У агульным значэнні прыставачнае ўтварэнне суста́ў ’цела, склад’ (Нас.) суадносіцца з макед. става ’стан, фігура’, параўн. пастава, стан (гл.). Гл. Фасмер, 3, 810; Борысь, Czak. stud., 46; Борысь, 576.
Сусто́й ’смятана’ (Мат. Маг.), ’вяршкі з малака’ (Мат. Гом.), ’адстой’ (Яўс.), ’асадак на дне пасудзіны з вадкасцю’ (Юрч. Вытв.). Ад сусто́іцца ’адстаяцца’ (Нас., ТС), сусто́іць ’адстаяць’ < стаяць (гл.) з ‑о‑ пад націскам.