Паста́ва ’становішча фігуры, корпуса, уласцівае каму-н.’, ’поза’ (ТСБМ, ТС), ’месца касьбы’ (шчуч., Сцяшк. Сл.) і пастанова ’звычай’ (ТС), лід. пастаўны́, постаўны́ і постаўны́ ’статны, стройны’ (Сцяшк. Сл., ТС), постаў ’скрутак палатна’ (ТС), лун. ’камяні ў жорнах’ (Шатал.). Укр. поста́ва ’знешнасць, постаць, выгляд’, ’поза, становішча цела’, ’сувой сукна такой даўжыні, якой ён выходзіць з варштату’, постав ’тс’, рус. ніжагар. постав ’стан, абрысы цела па росту, паводле статнасці’, ’талія, будова цела’, польск. postawa ’пастава цела’, ’пазіцыя, кірунак’, ’гордасць, пыха’, ’фігура; знешні выгляд’, postaw ’скрутак сукна’, ’аснова ткання (пража)’, ’60 пасмаў пражы’, н.-луж. postawa ’станіна’, ’падстаўка’, ’фігура’, в.-луж. ’фігура чалавека’, ’скульптура’, чэш. postav ’звой тканіны’, postava ’фігура цела чалавека’, ’літаратурны персанаж’, славац. ’тс’, ’асоба’, славен. postáva ’фігура, рост чалавека’, ’закон’, серб.-харв. по̏става ’падкладка (адзення)’, макед. постава ’тс’, ’вокладка’. Прасл. postava ’нешта пастаўленае, якое стаіць’, паводле Скока (3, 330), з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем, гэтаксама і postavъ ’скрутак сукна’, параўн. прасл. postaviti > бел. паставіць ’пабудаваць’, ’прызначыць на пасаду’, ’натапырыць поўсць’, ’даць адпачыць’, ’паставіць на стол’, ’змясціць, пакласці’ (ТСБМ), паста́віцца ’арганізавацца, стаць’ (бяроз., Сл. ПЗБ). Да ста́віць, стая́ць (гл.).