Сару́к ’шарпак’ (Мат. Гом.). Не вельмі ясна. Мабыць, дыялектная форма ад серан, шэрань, дзе ‑ан, ‑ань успрымалася як суфікс і было заменена суф. ‑ук.
Сарцаві́на ’унутраная частка сцябла (ствала) або кораня расліны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Да сэрца (гл.).
Сарца́к ’асяродак у бульбе’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Да сэрца (гл.).
Сары́ч ’драпежная птушка сямейства ястрабіных; тое, што і канюк’ (ТСБМ). Праз рус. сары́ч ’тс’ з цюркскіх моў; параўн. паўн.-цюрк. saryča ’парода паляўнічых сакалоў’, тур. saryǯa ’жаўтаваты’, saryǯyk ’нейкая птушка’ (Радлаў, 4, 325). Назва птушкі ўтворана ад назвы колеру, параўн. уйг. saryɣ ’жоўты’, тур. sary ’тс’, чагат. sar ’шуленак, каршун’, манг. sar, калм. sar (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 152; Праабражэнскі, 2, 253). Версія аб роднаснасці са ст.-інд. sā́ram ’драўніна, стрыжань дрэва’, арм. uruk ’пракажоны’ абвяргаецца Фасмерам (3, 564).
Сас ’саксонец’ (Байк. і Некр.), са́скі ’саксонкі’ (Нас., Гарэц.). Запазычанне з польск. sas, saski ’тс’ (Кюне, Poln., 96), стараж. Sas ’саксонская зямля’. Польск., таксама як і укр. сас, ст.-рус. сасъ, сасинъ, чэш. sas, ст.-серб. сасинь, сяр.-балг. сасинъ запазычана з ст.-в.-ням. sahso ’сакс’, сяр.-н.-ням. sasse (Міклашыч, 288; Сабалеўскі, AfslPh, 32, 309 і наст.). Гл. таксама Фасмер, 3, 564 і наст.; параўн. саксонец.
Сасі́лы ’саскі ў жывёлы’ (віц., Нар. лекс.). Вытворнае ад *сасаць або *сосіць, параўн. рус. сосать (гл. ссаць) з суф. ‑іла, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 42.
Сасі́ска ’невялікая каўбаска, якую ядуць у вараным выглядзе’ (ТСБМ). Праз рус. соси́ска (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79 і наст.) з франц. saucisse ’сасіска’ ад сяр.-лац. salsīcіа ад salsus ’салёны’, гл. Праабражэнскі, 2, 360; Фасмер, 3, 726.
Сасло́ўе ’грамадская група са спадчыннымі правамі і абавязкамі, якая склалася на аснове класавых адносін у дакапіталістычным грамадстве’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. сосло́вие ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 56). У рускай мове гэта старажытны кніжны славянізм эпохі другога паўднёваславянскага ўплыву, параўн. ц.-слав. съсловие ’саслоўе, згода’ (гл. Вінаградаў, Этимология–1966, 133 і наст.; там жа падрабязна аб развіцці семантыкі рус. сосло́вие). Царкоўнаславянскае слова разглядаюць як кальку грэч. συγκλητος ’той, які сазваны’ (Праабражэнскі, 2, 360) або σύλλογος ’сход, зборышча’ (Фасмер, 3, 726).
Сасна́ ’вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых, якое расце пераважна на пясчаных глебах і вызначаецца прамым высокім ствалом і доўгай ігліцай, Pinus silvestris L.’, галоўным чынам зах.- і усх.-славянскае: рус., укр. сосна́, ст.-рус., рус.-ц.-слав. сосна ’елка, сасна’, польск., н.-луж., чэш., славац. sosna, палаб. süsnó ’тс’. У паўднёваславянскіх мовах захавалася часткова: сяр.-балг. (XIV ст.) сосна, макед. тапонім Sosna. Па традыцыйных версіях узводзілася да і.-е. k̑asnos ’шэры’ і параўноўвалася з ст.-прус. sasins ’заяц’, ст.-інд. çaçás ’тс’, ст.-в.-ням. haso ’заяц’, hasan ’шэры, бліскучы’, лац. cánus ’шэры’ (Брукнер, 507; Фасмер, 3, 726–727; Борысь, 567) або да *sopsna і тлумачылася як ’смалістае дрэва’, параўн. лац. sapa ’сок’, ст.-в.-ням. saf ’тс’, рус. сопля, прымаючы пры гэтым выдзяленне суф. ‑sna (гл. Фасмер, там жа). Трубачоў (Дополн., 3, 727), падкрэсліваючы неалагічны характар слова і спасылаючыся на назіранні Машынскага (Kultura 1, 133 і наст.), што на Палессі сасна датычыцца толькі хваёвага дрэва з борцю, дуплом, а звычайная сасна называецца хвоя, мяркуе, што *sosna першапачаткова належала да тэрміналогіі бортніцтва і абазначала ’дуплянае дрэва’ і выводзіць яго ад прасл. *sopěti ’сапці, дуць’, параўн. ст.-слав. сопль ’жалейка, флейта’. Па фанетычных прычынах ён (там жа) адхіляе і этымалогію Машынскага (Pierw., 216 і наст.) ад *sojǫ, *sojiti ’калоць’; тут чакалася б *sesna. Іншыя версіі гл. яшчэ Фасмер, там жа. Аналагічна Трубачову Шустар-Шэўц, 2, 1335.
Саснэ́ ’адросткі пер’яў у птушак пасля лінькі’ (Сл. ПЗБ). Да аснэ́ ’тс’ (Сцяшк. Сл.), што да асо́н (гл.). Збліжана з сасна (гл.) з-за знешняга падабенства да сасновых шыпулек.