Се́ран ‘шарон, цвёрды слой снегу пасля адлігі’ (Нас., Гарэц., Касп.; докш., Гіл., Янк. Мат.), се́ран, се́рен, се́рана, сяро́н, сяру́н, серані́ла, серанок, се́рань ‘тс’ (Сл. ПЗБ; віц., маг., гом., ЛА, 2), се́рън ‘тс’ (Нар. сл.), серано́к (Бяльк.), сі́рна (Шатал.) ‘тс’. Укр. сере́н, рус. серён, се́рен, се́рень ‘тс’, ст.-рус. серенъ ‘шарон’, серенъ ‘белай масці (аб кані)’, рус.-ц.-слав. срѣнъ ‘белы’, польск. śron, śrzon, szron ‘іней, шэрань’, чэш. stříň ‘першы тонкі лёд на вадзе’, славац. srieň ‘іней, шэрань’, славен. srȇň, srẹ̑nj ‘іней; шарон’. Прасл. *sernъ або *sernь. Роднасныя літ. ser̃kšnas, šer̃kštas ‘светла-шэры’, лат. sērns, sērksnis м. р., sę̄rsna ж. р. ‘шэрань; іней, галаледзіца; шарон’, ст.-ісл. hjarn ‘замёрзлая маса снегу’; гл. Траўтман, 303; Мюленбах—Эндзелін, 3, 722, 820. 831; Торп, 78; Фасмер, 3, 608; Махэк₂, 588. Сной₁ (602) славянскія словы і роднасныя ўзводзіць да і.-е. *kʼer‑s‑no ‘светлы, шэры’. Борысь (607) удакладняе, што слав. *sernъ — гэта субстантываваны прыметнік *sernь ‘белы, сіваваты’, а дыял. *srenь — той жа прыметнік, субстантываваны пры дапамозе суф. ‑jь (*sern‑jь). Выказаную здагадку Тапарова (Балтийские яз., 46) адносна магчымага запазычання рус. се́рин ‘шарпак’ з літоўскай адводзіць Анікін (Опыт, 275), бачачы паміж ім і літ. šer̃kšnas толькі генетычную сувязь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)