Абшчына (БРС, Яруш.) < рус. община, запазычанне новае (XX ст.). Гэта паняцце ў народнай і старабеларускай мове называецца грамада. Гл. Крукоўскі, Уплыў, 21–22.
Абшчэ́пліваць ’абдымаць моцна’ (Нас. Доп.). Гл. абшчапіць.
Абшывалі́ць ’абабраць, абакрасці, зрабіць хутка справу’, параўн. абшамыць (Бяльк.) да аб‑шавяліць. Параўн. другое значэнне дзеяслова шаволіць ’шукаць, рыскаць’. Гл. шаволіць, абшаволіць.
Абшэ́ўка ’манжэта’ (БРС, Бір. дыс.) да шыць.
Абы́ < а + бы. Гл. бы (< быць), укр. аби, ст.-рус. абы, рус. абы, польск. aby, кашуб. aboe, н.-луж. abo, aby, в.-луж. abo, славен. aboj (параўн. каб(ы), дабы, польск. żeby і г. д.), параўн. Махэк₂, 15; Шанскі, 1, А, 23; Саднік-Айцэтмюлер, 2.
Абыва́цель (БРС) < рус. обыватель. Нядаўняе і эфемернае запазычанне (Мартынаў, SlW, 69). Польскі ўплыў выключаны па семантычных прычынах. Польск. obywatel ’грамадзянін’ дало ст.-бел. обыватель (XVI ст.) — Крыўчык, Межресп. конф., 14.
Абыго́нь (араць у абыгонь) ’калі ворыва пачынаецца з сярэдзіны загона; калі ворыва робіцца ў сярэдзіне загона’ (Выг. дыс.) < аб гонь ’на ўсю даўжыню гоняў’ да гонь, гоні (гл.). Параўн. абугоня.
Абыдзе́ннік ’сувой палатна з нітак ільну, якія былі спрадзеныя за дзень’ (у адпаведнасці з ахвяраваннем цэлых вёсак у час засухі) да аб дзень.
Абы́дзень ’штодня; за дзень, на працягу дня’ (Бяльк., Гарэц., Грыг.) да аб дзень, параўн. абынач ’што ночы, на працягу ночы’ (Бяльк.). Адсюль абыдзенны (Касп., Нас.). Магчыма, што значэнні гэтага слова ’штодня’ і ’на працягу дня’ адлюстроўваюць два амонімы: абыдзень ’на працягу дня’ (гл. абыдзеннік) < аб дзень і абыдзень ’штодня’ з аб‑ін‑дзень. Параўн. укр. обидень ’за адзін дзень’, ст.-рус. обыденый ’аднадзённы’. Ільінскі, РФВ, 66, 280; Праабражэнскі, 1, 633; Фасмер, 3, 111. Інакш Карскі 2-3, 78, згодна з якім у абыдзень бы дзеяслоўнага паходжання (3‑я асоба аорыста), як у абыгдзе.
Абыйма́ць ’абдымаць’ (Гарэц.), абыйманак ’абдымак’ (Др.-Падб.) < *абімаць, прасл. ob‑jьмǫ ob‑jęti, параўн. літ. im̃ti ’браць’, лац. emere ’тс’. Гл. мець.