Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Самі́нец, сомі́нец ’кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС; стол., Нар. сл.), самі́ца ’тс’ (ТС), самі́нка ’сценка паміж вакон’ (КСТ), рус. дыял. сомцы́ ’працяг зруба з бярвенняў, якое завяршаецца трохвугольным выступам’, саме́ц, сомо́к ’вохлуп’, самцы́ ’кароткія бярвенні’, укр. карп. саме́ць, мн. л. сімці́ ’бервяно ў сцяне хаты, якое толькі адным канцом звязана ў замок, а другім упіраецца ў вушакі’, польск. дыял. sumiec ’бервяно, якое ўсунута сваім абсклюдаваным канцом у паз’, sonik, sunik, sumik, sulnik ’кароткае бервяно паміж вокнамі’, sowiniec ’жэрдкі над токам у гумне, вышкі’, чэш. дыял. somík ’вушак’, somínec ’кол у плоце’, slumík ’столбік у плоце’, sumík ’вертыкальная драўляная рама’, somica, somík ’бервяно паміж вокнамі’, славац. sôm ’вушак’, somík ’тс’, ’папярочная планка ў грабель, матавіла і г. д.’, серб.-харв. somić, sȍmić ’дзірка для дыму ў форме роўнастаронняга трохвугольніка, якая выходзіць на два бакі даху’, ’франтон’, славен. somik ’жолаб, паз на сцяне’. Этымалогія спрэчная. Фасмер (3, 716) першапачатковай лічыць форму сомок (сомец, сомцы — другасная) і выводзіць яе з *sъ‑mъk‑ (гл. мкаць, мкнуцца), але прыводзіць толькі рускі і ўкраінскі матэрыял. Махэк₂ (566) з улікам славацкай формы ўзнаўляе прасл. *somъ, *somьcь і ў якасці адпаведнікаў указвае на ст.-інд. śamyā ’палка, затычка, цвік’, авесц. sima ’частка вупражы возу, магчыма, драўляная частка, якая абхоплівае шыю каня’, арм. samikʼ мн. л. ’дзве драўляныя часткі ярма’, грэч. κάμαζ ’жэрдка, кол’, с.-в.-ням. hamel ’жэрдка’, дац., шв. hammel, нарв. дыял. hamul ’папярочная перакладзіна перад возам’. Няпэўна.

Самі́т ’аксаміт’ (Бяльк.). Як бачна з тлумачэння, з аксаміт у выніку адпадзення першага склада.

Самі́ца1 ’самка’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’галоўны корань у дрэве’ (Сл. ПЗБ), самы́ця ’самка’ (Сл. Брэс.). Укр. сами́ця, польск. samice, чэш. samice, славац. samica, серб.-харв. са́міца ’самка птушак’, славен. samíca ’тс’. Прасл. *samica, дэрыват ад *samъ ’сам’ з суф. *‑ica, паралель да наз. м. р. *samьcь ’самец’ (SP, 1, 98; Махэк₂, 537). Улічваючы націск і лінгвагеаграфію, у бел. магчыма з польск. Гл. яшчэ Борысь, 538.

Самі́ца2 ’каўтун на галаве’, само́к2 ’вялікі камяк каўтуна на галаве’ (пух., З нар. сл.). Укр. са́мка ’дзіцячая хвароба’. Табуістычныя назвы ад саміца1, самок1 (гл.).

Са́мка ’асобіна жаночага полу’. Рус. са́мка ’тс’, укр. са́мка ’від дзіцячай хваробы’. Да сам з суф. ‑к‑.

Само́та ’адзінота, паходжанне ў адзіноцтве’, само́тны. Лічачы па націску, з польск. samota, samotny ’тс’, якія да sam (гл. сам).

Сампо́рык ’рэдкі малапажыўны суп’ (Скарбы). Дэрыват ад польск. sapory ’прысмакі, соўсы’ з другаснай назалізацыяй і нарашчэннем дэмінутыўнага суфікса. Да гэтай жа крыніцы ўзыходзіць і сапо́рак ’нагар у люльцы’ (трак., Сл. ПЗБ). Польскае слова з лац. sapa ’від сока’, sapor ’смак’ (Брукнер, 481). Да семантыкі сапорак параўн. сос (гл.).

Самту́к ’апалонік (малькі жабы)’ (воран., Сл. ПЗБ). З літ. samtùkai мн. ’апалонікі’, дэмінутыў да sámtis ’апалонік (лыжка)’; семантычны пераход пад уплывам бел. аналагічнага пераходу; гл. Грынавяцкене і інш., Lietuvių kalbotyros klausimai, 1975, XVI, 188; Лаўчутэ, Балтизмы, 72.

Саму́йла ’тоўсты чалавек’ (віц., Нар. лекс.). Ад сам з суф. ‑уй‑ла (як хамуйла (гл.)). Аб суфіксацыі гл. Карскі 2-3, 23–25. Да семантыкі параўн. самавіты і вытворныя (гл. сам).

Самура́й ’гарэзлівае дзіця’, перан. ’насякомае’ (Мат. Гом.). Тыпалагічна хутчэй першасным значэннем будзе ’насякомае’, потым ’гарэзлівае дзіця’. Тады з ⁺са‑мур‑ай, да кораня ‑мур‑, які ў мурашка, муравей (гл.).

Саму́сь ’нешта нябачнае, якое прыводзіць рэчы ў рух’: самусь дзверы очыныв (КЭС). Ад самы з палес. пераходам ы > у і часціцай сь. Не выключаны ўплыў імя Самусь з Самуіл (гл. Нас.).