Мура́шка ’насякомае з атрада перапончатакрылых, Formicidae’ (ТСБМ, Гарэц., Мядзв., Зн., Яруш., Сцяшк., Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), мура́ш ’тс’ (ТСБМ, Нар. Гом.), мура́шкі ’месца, дзе многа мурашыных купін’ (Янк.), мура́шка‑пумпа́шка ’божая кароўка’, рус. арханг. мура́ш ’мурашыны цар’, ярасл. мураша́ ’усялякія дробныя кузуркі’, томск. мурашек ’мурашка’, кіргізск. мура́шка — аб нечым бурым, рыжым; польск. muraszka, muraśka ’мурашкі’ пашырыліся аж на Мазуры з бел. моўнай тэрыторыі (Зданцэвіч, Бел.-польск. ізал., 39). Утворана ад му́раха (гл.) пры дапамозе памяншальнага суфікса ‑ьk‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)