Со́мінец ‘кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС), со́мчык ‘шула’ (ЛА, 4), сума́к ‘прасценак, міжаконне’ (Ян.). Гл. самінец. Параўн. таксама цу́нік ‘кароткія бярвенні ў прамежках паміж вокнамі’, цунь ‘тс’ (ТС), што схіляе прыняць за зыходныя формы з ‑у‑: польск. sunik, sumik, suńec, славац. súmyk, укр. су́мець, для якіх Бонк (SFPS, 5, 236 і наст.) дапускае значэнне ‘бервяно ў сцяне драўлянага будынка, якое ўстаўляецца ў паз слупа; абрамленне аконнага або дзвярнога праёму’ і, як тэхнічныя тэрміны, выводзіць з *sunǫti (гл. сунуць), што не вельмі пераконвае. Магчыма дапусціць кантамінацыю ці збліжэнне з *sъmъkъ, параўн. рус. алан. сомо́к ‘грэбень страхі’, балг. дыял. смок ‘бэлька ў склепе’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)