Смок1 ‘вясёлка, радуга’ (Гарэц., Бяльк., Шатал.; ашм., Стан.; свісл., Сцяшк. Сл.; астрав., Сл. ПЗБ), шмок (szmok) ‘вясёлка’ (Арх. Федар.). Укр. цмок, польск. smok powietrzny ‘тс’. Магчыма, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад смактаць (гл.), з прычыны распаўсюджанага ў славян уяўлення, што вясёлка смокча ваду з мора, рэк і азёр для дажджу (Толстой, ОЛА, Исследов., 44–45). Аднак больш верагодна, што слова тоеснае са смок3, цмок (гл.), і ў гэтым выпадку адлюстроўвае архаічную семантыку; параўн. заўвагу ў Іванова і Тапарова (Иссл., 146 і наст.) “об общеафриканских представлениях о змеях — поглотителях вод, чаще всего выступающих в виде радуги”; гэтыя ўяўленні шырока распаўсюджаны і ў іншых месцах свету (Мифы, 1, 469).

Смок2 ‘помпа; жалезная вадасцёкавая труба; пажарная труба, шланг’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), ‘соска’ (Сцяшк. Сл.). Укр. смок, польск. smok ‘тс’. Да смактаць, параўн. Брукнер, 503; Праабражэнскі, 2, 336–337; ЕСУМ, 5, 325.

Смок3 ‘змей, дракон’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; кам. Жыв. НС), ‘казачная істота, якая сваім дыханнем прыцягвае да сябе сваю ахвяру’ (Варл.), ‘міфічная істота’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. смокъ: смокъ, яду напо(л)нены (Рам., Выбр. тв., 79). Гл. цмок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)