Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Абру́ч ’абруч, кольца’ (БРС, Нас., Касп.), абручык (Нас.), абручык ’кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ да obrǫčь < rǫka, гл. укр. обруч, ст.-рус. обручь, рус. ц.-слав. обрѧчь, чэш. abruč, польск. obręcz, славен. obrôć, серб.-харв. о̏бруч, балг. обръч ’абруч’. Параўн. літ. apýranke ’бранзалет’, ìrankis ’наручнік’, Траўтман, 237. Магчыма, яшчэ балта-славянская інавацыя.

Абры́вак ’хабар, магарыч’ (КЭС) да рваць.

Абры́да, абрыдзіць, гл. брыдота, брыдкі. Цікавым з’яўляецца арэал пашырэння гэтага слова. Параўн. укр. обридний, обрида, польск. obrzydzić, obrzydliwy, obrzydny, усх.-чэш. obřidlivý. У той жа час зыходнае слова мае агульнаславянскі і праславянскі характар. Эпіцэнтр распаўсюджання гэтай групы лексем выявіць цяжка.

Абры́дзень ’густая сетка для лоўлі рыбы’ (Касп.) < *брэдзень (параўн. рус. бредень, брести). Галосны кораня дысімілізаваўся, пачатковае а‑ мае пратэтычны характар.

Абрызло́е (малако) ’малако, якое без пары загусла’, абрызнуць ’загусцець (аб свежым, салодкім малацэ)’ (КЭС), абрызклы ’пра напаўкіслае малако’ (Некр.). Укр. брезкле молоко ’малако, якое толькі пачало кіснуць’ (Лысенка Жыт.), збресклий (аб малацэ, якое пачынае кіснуць), ст.-рус. обрьзгнути ’пракіснуць’, польск. obrzyzgnąć, чэш. zabřesknouti ’тс’. Звычайна ў якасці індаеўрапейскіх паралеляў прыводзяцца ізаляваныя нарв. brisk ’горкі смак’, brisken ’горкі’, якія нібы да і.-е. *bhrēi ’рэзаць’ (Покарны, 172).

Абрыко́с (БРС). Запазычанне XX ст. праз рускую мову з гал. abrikoos, гл. Фасмер, 1, 57; Шанскі, 1, А, 18.

Абры́нданы ’абляпаны, запэцканы’ (БРС, Сцяц., КТС), абрындывацца ’абрывацца махрамі (аб спадніцы)’ (Шат.). Магчыма, запазычанне з літ. мовы. Параўн. літ. brendù, brìsti ’ісці ўброд праз балота, гразь’.

Абрыну́цца ’трапіць’, гл. рынуцца; параўн. літ. api‑pùlti (pùlti ’рынуцца’). Магчыма, калька.

Абрыня́ць ’напухнуць, азызнуць’ (Шн.). Можна рэканструяваць як obъriněti < *obъrinъ ’волат’ (гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2), ст.-рус. объринъ захавала толькі значэнне ’авар’, але ст.-польск. ob‑rzym ’волат’ дало ст.-польск. obrzmieć ’напухнуць’. Параўн. таксама чэш. obr, славац. obor, славен. ober ’волат’. У выніку памылковай дэкампазіцыі польск. obrzmieć > o‑brzmieć, na‑brzmieć. Апошняя форма была запазычана ў чэшскую мову з ляш. nabrnět ’напухнуць’ (Махэк₂, 406 і 67). Менш верагодна сувязь адрыняць з укр. брунька ’почка’, чэш. brnka ’паслед’, якія Трубачоў (Этымалогія, 1964, 3–4) супастаўляе з ст.-інд. bhrūná ’зародак’, лат. braũna ’луска’. Апошнія да і.-е. *bhrē̆u/bhrū̆ ’пухнуць’ (Покарны, 169).

Абры́ць ’завязаць (хустку)’ (Мат. Гродз.) з балт., параўн. літ. aprìšti ’завязаць’.