Абляпі́ха ’Hippophe L.’ (Кіс., БРС, КТС) ад абляпіць.
Абля́рвіцца ’страціць гонар чэснай жанчыны’ (Бяльк.). Гл. лярва.
Абмага́ць ’перамагаць’, абмагчы ’падужаць, змагчы’ (Сцяц.). На магчымасць калькі з літ. apgalė́ti ’тс’ (да galė́ti ’магчы’) звяртае ўвагу Непакупны Baltistica, VII (1), 1971, 15. Ён бачыць у літ. apgalė́ti і pérgalėti (абсалютныя сінонімы, адпаведныя бел. абмагаць і перамагаць) рэпрэзентантаў дзвюх моўных зон, прычым формы з ap‑ (аб‑) цягнуцца да заходняй (прускай), параўн. ст.-прус. epwarisnan (він. скл.) перамога’ і лат. varet ’магчы’ (там жа, 14).
Абмаро́чацца ’згубіць кірунак у незнаёмай мясціне’ (КЭСФ) да марочыць (гл.).
Абма́х, абмашка ’памылка’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц., Бяльк., Юрч., Касп., Яўс.), абмахівацца ’памыляцца’ (Нас.), абмахнуцца ’памыліцца’ (Бяльк.). Параўн. абмахаць, абмахнуць ’аббегчы, хутка абысці’ (Нас., Бяльк.). Параўн. рус. промах, а з словаўтваральна-семантычнага боку бел. абвіхнуцца ’памыліцца’ (гл.). Магчыма, створана на аснове апошняй формы кантамінацыйным шляхам.
Абме́ці ’аўсяная мякіна’ (Янк. I), абмецце ’зерне нізкага гатунку’ (Янк. I), абмёты ’самая дробная салома, якая застаецца пасля малацьбы’ (Выг. дыс.), абмеціца ’мука з пяском, якая абмецена навакол мельнічнага каменя’ (Нас. Доп., КЭС). Гл. амёты.
Абме́шка ’чорныя сарты мукі, якія ідуць на корм жывёле’ (Бір. дыс.) да мяшаць.
Абмё́рці ’epilepsia’ (КЭС) да мерці (гл.)
Абмішу́ліць, абмішульваць ’ашукаць, падмануць’ (Бяльк.), абмішуліцца ’прыкра памыліцца’ (Юрч. Сін.). Рус. мишуля ’дурань’ звязваецца з уласным імем Міхаіл. Фасмер (2, 631) аспрэчвае версію Ільінскага (ИОРЯС, 20, 3, 76) аб сувязі мишуля з рус. обмихнуться, якое, аднак, у сваю чаргу не мае яснай этымалогіі. Калі бел. абмішуліць утворана як абдзяжуліць, тады яно ўзыходзіць да аб‑міх кантамінацыйнай формы ад бел. абмах ’памылка’ і бел. абвіхнуцца ’памыліцца’ (гл.). Іншая версія можа быць звязана з літ. mišulỹs ’блытаніна думак’ да mìsti ’заблытацца, аканфузіцца’, ’страціць розум’. Тады абмішуліць балтыйскага паходжання. Як аб гэтым сведчыць фанетыка, запазычанне магло адбыцца толькі пасля падзення рэдукаваных. Гэта версія таксама не надзейная, бо застаецца неўдакладненай непасрэдная крыніца запазычання. Трэцяе рашэнне: рускі дублет обмишулить/обмишурить гаворыць аб л/р дублетнасці ў гэтых формах. Тады абмішурыцца, магчыма, да рус. (зах.) мишурис, польск. miszures ’слуга на пастаялым двары’ (< ідыш meszores ’слуга’). Нарэшце, параўн. абмішуліцца ’памыліцца’ і абмішэніцца ’не папасці ў цэль’ (Бяльк., Дабр., Этн.). Апошняе магло кантамінавацца з абакуліць ’ашукаць’. Магчымасць усіх гэтых версій стварае вялікія цяжкасці на шляху вырашэння пытання. Хутчэй за ўсё ў дадзеным выпадку мелі месца надзвычай складаныя кантамінацыйныя працэсы.
Абмо́ва (Нас.) < польск. obmowa (Кюнэ, Poln., 81).