Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

арабі́нніца Месца, багатае дрэвамі рабіны Sorbus (Глуск. Янк. I, 35). Тое ж рабі́наўка, рабі́ннаўка (Слаўг.).

ур. Арабінніца каля пас. Янкі Купалы Глуск.

араллё Ралля, ворыва; угоддзе (Беш. Касп., Лёзн., Шчуч.).

аралля́ Нядаўна ўзаранае поле (Дубр., Кузн. Касп., Лёзн., Пол., Тал. Мядзв., Уш.); апрацоўка зямлі (Слаўг.). Тое ж аральба́ (Кузн. Касп.), ара́нне, арба́ і арьба́ (Слаўг.), ата́ра (Мін. Шпіл. Заметка, 1853, л. 17), арылля́ (Уш.).

аржа́

1. Балота з вадой, якая мае вокіслы жалеза (Зах. Бел. Др.-Падб., Слаўг., Смален. Дабр.). Тое ж ржа, ржа́ва (Слаўг.), аржа́вень (Кузн. Касп., Слаўг.), аржа́вец (Мядз. Лемц. Дыс., Слаўг., Смален. Дабр.).

2. Жыта Secale (Грыг. 1851).

3. Від пшаніцы (руск. полба, стар. оркиш), якую даўней сеялі і на Беларусі (Даль III, 257, Грынч. III, 63).

в. Аржа́вец Чэр.

аржа́віна Іржавая лугавая нізіна (Віц. Нік. 1895, Слаўг.). Тое ж арша́віна (Слаўг.), аржа́віня (Віц. Нік. 1895), аржа́вінне (Зах. Бел. Др.-Падб., Лёзн. Касп., Нас., Слаўг., Смален. Дабр.).

аржа́нішча Поле, дзе зжата жыта (БРС). Тое ж аржонне (Маладз., Слаўг.), аржы́ска (Вор.), аржэўнік (Леп., Слаўг.), аржышча (Арш., Грыг. 1851, Навагр., Паст., Слаўг., Смарг., Смален. Дабр.), ржэўнік, аржані́шча (Слаўг.).

аржа́ўка

1. Іржавае балота (Слаўг.).

2. Заліўны луг (Докш. МДС).

р. Аржаўка і в. Аржаўка Слаўг., в. Аржаўка Касц.

аро́міна Угоддзе; выгода (Вілен.).

артэ́па Грузкае месца (Выс. Касп.). Тое ж артэ́пель (Выс. Касп.), макрата́ (Слаўг.).

ару́д Месца для складвання снапоў (Віл. Гільт. 293), застаронак у гумне, засек у свірне (Глуск. Янк.). Тое ж агру́д (Слаўг.).