Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

азяро́д

1. Скразны вецер, пройма (Кар.).

2. Пераплёт на слупах, зроблены з жэрдзя для прасушкі снапоў збожжа, сушэння сена, траў, бульбоўніку; месца, дзе стаіць такое прыстасаванне (БРС).

□ в. Азяроды Мядз. (Лемц. Айк.), ур. Пад азерада́мі каля в. Яскавічы Сал.

азярцо́ Невялікае возера (БРС). Тое ж азе́рца, азёрушка, азе́рачка, азярча́к, возерца, вазярцовінка, азяро (Слаўг.), азёрка (Пол.), азярко (Арш., Нас. АУ, Паст., Уш.), азяро (Азяр. Касп.).

□ воз. Азёрка каля в. Чарсвяны Уш., Святое азярко каля в. Бабінавічы Арш., в. Азярцы Клім.

азярчы́на Старое рэчышча з вадой; возера (Слаўг., Даніленка. Наваселле, 1964, 20). Тое ж азяры́чына (Рудз.).

□ в. Азярычына Пух.

азяры́на

1. Старое рэчышча з вадой (Мсцісл. Бяльк., Нясв.). Тое ж вазяры́на (Слаўг.).

2. Шырокае і глыбокае месца на рацэ (Докш.).

3. Лагчына; глыбокая яма, якая зарасла травой (Стаўбц.).

4. Астатак старога рэчышча, якое яшчэ мае сцёк вады ў раку (Рэч.).

□ ур. Ліцві́нава азярына каля в. Заспа Рэч.

азяры́шча

1. Месца, дзе было возера (Рэч.).

2. Агромністае возера (Слаўг.). Тое ж вазяры́шча (Слаўг.).

□ в. Азярышча Рэч., воз. Азярышча Віц.

азярэ́ц Пасёлак, вуліцы якога размешчаны паабапал возера (Слаўг.). Тое ж вазярэц (Слаўг.).

□ вул. Азярэц у в. Гіжэнка Слаўг.