Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

завуго́лле Месца за пабудовамі (Беш. Касп., Слаўг.). Тое ж заўголле, пазаўголле, пазаўгольнічча (Слаўг.).

заву́лак

1. Ціхая, з выйсцем у адзін канец, глухая вулка (Грыг. 1838—1840, Нясв., Слаўг., Шчуч.). Тое ж заканаба́й (Слаўг.).

2. Невялікая, звычайна вузкая вуліца, якая злучае дзве паралельныя (БРС). Тое ж праву́лак, праканаву́лак, пераву́лак, пераволак (Слаўг.).

загава́ліна Месца кругом хаты на шырыню звісаючай страхі (Слаўг.). Тое ж пры́зба (БРС), загава́льня (Краснап., Мсцісл. Бяльк., Смален. Дабр.), зава́льня (Бял. Матэр.).

зага́й Месца за гаем (Слаўг.).

□ в. Загай Пух., ур. Загай (частка вёскі Кулікоўка) Слаўг.

за́гарад Месца начнога стаяння жывёлы на далёкіх пашах (Навагр., Стол.).

□ ур. Загарад (поле) каля в. Кароцічы Стол.

за́гарада

1. Месца летняга стаяння жывёлы (Слаўг.).

2. Загароджанае месца, часцей паміж домам і хлявамі для жывёлы (Азяр. Касп.).

за́гарадзь

1. Абгароджанае месца для жывёлы ў полі або ў лесе, а таксама каля хлява (БРС). Тое ж загарода, зы́гарада (Паст).

2. Загароджанае месца для пашы на выгане або каля гумна (Сміл. Шат.).

3. Наогул усякае абгароджанае месца (Слаўг.).

4. Агароджа (БРС). Тое ж загарода (БРС), зы́гарада (Паст.).

загаро́ддзе

1. Поле, месца за агародамі; глухое месца (Лід., Краснап. Бяльк., Слаўг.). Тое ж за́гараддзе, заагароднічанне (Слаўг.).

2. Прастора, тэрыторыя за горадам; прыгарад (Драг.). Тое ж загораднічча, загорадзічча (Слаўг.).

□ ур. Загароддзе (поле за агародамі) каля в. Бабры Лід., ур. Загароддзе — прыгарад Пінска (ЛіМ, 23/1 1968, 4); Загароддзе — назва паўночнай часткі Драгічынскага, Кобрынскага і Іванаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці.

зага́та

1. Яма або канава, воднае або балоцістае месца, заваленае каменнем і зямлёй; бут (БРС).

2. Прызба (Слуцк.).

загі́б Лука, лукавіна ракі (Слаўг.).