Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

зало́га

1. Месца, дзе можна схавацца і цікава́ць птушку, звера або ворага (Вілен.). Тое ж за́сака (Вілен.), заса́да (БРС).

2. Гоні, пракос; паласа (Слаўг.).

зало́жжа Месца за сухадольным логам, за заліўнымі сенажацямі (Слаўг.).

□ в. Заложжа Чав.

зало́м

1. Лука, калена, круты паварот ракі, дарогі (Слаўг.).

2. Паварот поля пад прамым вуглом (Стол.).

зало́нь

1. Заліў ракі (Маг. губ. вед., 1854, № 45, 805).

2. Месца на сенажатным лузе, якое заліваецца вадой (Нас.).

залу́жжа

1. Месца за лугам, залугавая старана (Слаўг.). Тое ж залу́га (Нас., Нас. АУ).

2. Месца за лужынамі (пагранічча Ігум. і Бабр. пав. Мін. губ., р. Пціч Серб. 1914, 4, Слаўг.).

□ в. Залужжа (частка в. Пруды) Стаўбц.

заля́ддзе Месца за лядам (Слаўг.).

□ ур. Заляддзе (поле) каля в. Пацяраеўка Слаўг.

залясні́чча Абшар, які знаходзіцца за ўгоддзямі лясніцтва (Слаўг.).

□ ур. Залясні́чча (поле) каля в. Папоўка Слаўг.

за́мак Умацаванае жыллё феадала; месца, дзе былі феадальныя ўмацаванні, дзе стаяў палац (БРС). Тое ж за́мчышча (Мін.).

□ ур. Верхні Замак і Ніжні Замак у Полацку, Гродна, ур. Замчышча ў Мінску і ў Капылі.

замасто́чча Месца, прастора за мастамі, масткамі, каля мастоў (Слаўг.). Тое ж замастовічча, замосце, замосцішча, замасце́ўе, замасці́чча (Слаўг.).

□ в. Замасточча Глуск., ур. Замасце́ўе каля в. Дубня Слаўг., в. Замосце Кобр.

заме́жак Сенажатны ўзмежак каля поля, паўз дарогу (Лях., А. Чарнышэвіч. Праз зімы і вёсны, 1960, 25; яго ж: Світанне, 1957, 52).