Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ЛА СКА́ЛА»

(La Scala, поўная назва Teatro alla Scala),

оперны тэатр у Мілане (Італія); адзін з буйнейшых цэнтраў сусв. муз. опернай культуры. Адкрыты ў 1778. Пабудаваны паводле праекта арх. Дж.П’ермарыні на месцы царквы Санта-Марыя дэла Скала (адсюль назва т-ра). У час 2-й сусв. вайны будынак часткова разбураны, адноўлены ў 1946. Да 1800 на сцэне т-ра ставіліся і драм. спектаклі. З т-рам звязана дзейнасць Дж.Расіні, Г.Даніцэці, В.Беліні, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні і інш., многія творы якіх пастаўлены тут упершыню. Найвышэйшы росквіт т-ра звязаны з дзейнасцю А.Тасканіні. Сярод дырыжораў таксама Г. фон Караян, В.Дэ Сабата, Н.Сандзоньё, Л.Ранконі, К.Абада, Р.Муці. У рэпертуары побач з операмі і балетамі італьян. кампазітараў творы сусв. класікі, у т.л. рускай (оперы М.Мусаргскага, балеты П.Чайкоўскага, Л.Мінкуса, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева) і сучасных кампазітараў. На сцэне т-ра пастаянна стажыруюцца і разам з італьян. артыстамі выступаюць спевакі і танцоўшчыкі з інш. краін свету, у т.л. рас. Ф.Шаляпін, Л.Собінаў, Т.Мілашкіна, І.Архіпава, А.Абразцова, Я.Несцярэнка, У.Атлантаў, В.Нарэйка, Т.Сіняўская, З.Саткілава, М.Плісецкая, ісп. М.Кабалье, П.Дамінга, Х.Карэрас, грэч. М.Калас, бел. М.Гулегіна, М.Грыгорчык, А.Валадось і інш. У 1955 створаны філіял т-ра «Пікала Скала», дзе ставяцца пераважна камерныя оперы. Трупа т-ра ў 1964, 1974, 1989 гастраліравала ў СССР.

Л.А.Сіеалобчык.

Тэатр «Ла Скала» ў 1852 г. Мастак А.Іньяні.

т. 9, с. 142