Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАК,

гл. Вышэйшы атэстацыйны камітэт.

т. 3, с. 462

ВА́КА

(Vaca) Альвара Нуньес Кавеса дэ (1490—1564),

іспанскі канкістадор. У 1528 высадзіўся з экспедыцыяй П.Нарваха на п-ве Фларыда ў Паўн. Амерыцы. Пасля гібелі экспедыцыі быў у палоне ў розных плямён індзейцаў, займаўся знахарствам. За 9 гадоў блуканняў першы з еўрапейцаў ажыццявіў падарожжа праз тэр. сучасных Луізіяны, Тэхаса да р. Рыо-Грандэ і паўн. ісп. фарпостаў каля Каліфарнійскага заліва. У 1537 праз Мексіку вярнуўся ў Іспанію. Быў прызначаны імператарам Карлам V губернатарам Рыо-дэ-Ла-Платы, у 1541 з флотам прыбыў на в-аў Санта-Катарына паблізу ўзбярэжжа Бразіліі і дайшоў праз невядомыя землі да Асунсьёна. Падымаўся па р. Парана да 18° паўд. ш., зрабіў няўдалую спробу дайсці да Андаў. У 1542 захоплены сапернікам-канкістадорам Д.М.Іралам і адпраўлены ў Іспанію. Пакінуў апісанне падарожжа па Паўн. Амерыцы (1555).

т. 3, с. 462

ВАКАЛІ́З

(франц. vocalise ад лац. vocalis галосны гук; гучны, пявучы),

1) практыкаванне для развіцця вакальнай тэхнікі, якое выконваецца на галосным гуку.

2) Канцэртны твор, найчасцей для сапрана з інстр. суправаджэннем. Адсутнасць слоў і кантыленнасць, часам віртуознасць, дазваляюць выявіць прыгажосць і выпрацаванасць голасу («Вакаліз у форме хабанеры» М.Равеля, «Вакаліз» С.Рахманінава). У 20 ст. вакаліз набліжаецца да інстр. жанраў (5 мелодый для голасу ці скрыпкі з фп. С.Пракоф’ева, вакаліз-эцюд К.Шыманоўскага; саната-вакаліз, сюіта-вакаліз для голасу з фп. М.Метнера; канцэрт для голасу з арк. Р.Гліэра). Спецыфічны эфект дасягаецца ў харавым вакалізе («Дафніс і Хлоя» Равеля). Вакаліз ў бел. музыцы: Канцэрціна для голасу з арк. Дз.Лукаса, вакаліз з сімф. арк. памяці Дз.Шастаковіча Л.Абеліёвіча, вакаліз-калыханка з балета «Мара» Я.Глебава і інш.

т. 3, с. 462

ВАКАЛІ́ЗМ,

гл. ў арт. Галосныя гукі.

т. 3, с. 462

ВАКА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА,

гл. Спевы.

т. 3, с. 462

ВАКА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка для спеваў; галіна муз. мастацтва, у якой асн. сэнсавая нагрузка ўскладаецца на пеўчы голас. Вакальная музыка (акрамя вакалізу) звязана з літ. тэкстам і таму адносіцца да жанру праграмнай музыкі. Спецыфіка вакальнай музыкі ў тым, што вак. мелас нараджаецца ў выніку цеснага ўзаемадзеяння моўнай прасодыі з уласна музычнай інтанацыяй. У стараж. формах фальклору гэтая сувязь мела сінкрэтычны характар, пасля падзелу паэзіі і музыкі на самаст. віды мастацтва — сінтэтычны. Вакальная музыка можа быць з інстр. і аркестравым суправаджэннем і без яго (а капэла). Ахоплівае камерна-вак. творы для аднаго, 2 ці 3 галасоў (песня, раманс, вак. дуэт, трыо, вак. цыкл і інш.), ансамбля ці хору (хар. мініяцюра, паэма, канцэрт), буйныя творы для хору з арк. (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), сцэн. творы (опера, аперэта, мюзікл). З даўніх часоў вакальная музыка выкарыстоўваецца ў рэліг. кульце. Песнапенні складаюць асн. частку богаслужэнняў правасл. царквы (літургія, усяночная, паніхіда) і каталіцкай (меса, рэквіем; гл. Царкоўная музыка). На Беларусі традыцыі вак. свецкай харавой музыкі закладзены ў канцы 15 ст. ў кантах і псальмах. Вакальная музыка займала значнае месца ў творчасці многіх пакаленняў бел. кампазітараў. У 1980—90-я г. бел. кампазітары распрацоўваюць новыя, раней амаль не ўласцівыя нац. муз. мастацтву жанры вакальнай музыкі: духоўны хар. канцэрт (Л.Шлег, А.Бандарэнка), літургія (А.Залётнеў, С.Бельцюкоў), меса (А.Літвіноўскі), вак. сімфонія (А.Мдывані, А.Сонін, В.Войцік). Вакальная музыка розных жанраў прадстаўлена і творамі кампазітараў бел. замежжа (М.Равенскі, М.Шчаглоў, Э.Зубковіч і інш.).

Э.А.Алейнікава.

т. 3, с. 462

ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,

эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш. бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».

Н.Я.Бунцэвіч.

т. 3, с. 462

ВАКА́ЛЬНА-СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА , буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра. Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае яе праграмнасць (гл. Праграмная музыка), характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі адрозніваюцца большай цэласнасцю (значнай роляй скразнога сімф. развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш.). У некаторых з іх выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі, элементы сцэн. дзеяння. Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф.Ліста (гл. Сімфанічная паэма). У рус. музыцы 19—20 ст. вядомыя вак.-сімф. паэмы «Званы» С.Рахманінава, «Паэма памяці С.Ясеніна» Г.Свірыдава і інш. Пачатак бел. вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М.Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933), Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937). Да гэтага жанру ў бел. музыцы належаць «Буравеснік» Я.Цікоцкага (1944), «Попел» С.Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз.Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г.Вагнера, «Янка Купала» В.Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—90-х г. — «Радуйся, Францыск Скарына» Э.Наско, «Зямля» Э.Казачкова, «Памяці маці» У.Кур’яна, «Настальгія» Г.Ермачэнкава і інш.

Э.А.Алейнікава.

т. 3, с. 462

ВАКАМЕ́РНАЯ ЗДЫ́МКА,

спрошчаны спосаб тапаграфічнай здымкі. Выконваецца на планшэце з дапамогай компаса, візірнай лінейкі і цыркуля. Праводзіцца для хуткага складання прыблізнага плана мясцовасці або маршруту. Для вакамернай здымкі планшэт устанаўліваюць і арыентуюць па компасе, лінейкай вызначаюць напрамкі на назіраемыя аб’екты і наносяць адпаведныя лініі, уздоўж якіх адкладваюць у маштабе прыблізныя адлегласці ад месца здымкі да таго або інш. аб’екта. Вакамерную здымку выкарыстоўваюць у экспедыцыйных умовах пры адсутнасці тапаграфічных картаў для адлюстравання падрабязнасцей будовы мясцовасці, а таксама пры складанні абрыса і пры рэкагнасцыраваных даследаваннях малаабжытых раёнаў.

А.В.Саломка.

т. 3, с. 462

ВАКА́НСІЯ

(франц. vacance ад лац. vacans які пустуе, свабодны),

свабодная (незамешчаная) службовая пасада.

т. 3, с. 463