ВА́КА
(Vaca) Альвара Нуньес Кавеса дэ (1490—1564),
іспанскі канкістадор. У 1528 высадзіўся з экспедыцыяй П.Нарваха на п-ве Фларыда ў Паўн. Амерыцы. Пасля гібелі экспедыцыі быў у палоне ў розных плямён індзейцаў, займаўся знахарствам. За 9 гадоў блуканняў першы з еўрапейцаў ажыццявіў падарожжа праз тэр. сучасных Луізіяны, Тэхаса да р. Рыо-Грандэ і паўн. ісп. фарпостаў каля Каліфарнійскага заліва. У 1537 праз Мексіку вярнуўся ў Іспанію. Быў прызначаны імператарам Карлам V губернатарам Рыо-дэ-Ла-Платы, у 1541 з флотам прыбыў на в-аў Санта-Катарына паблізу ўзбярэжжа Бразіліі і дайшоў праз невядомыя землі да Асунсьёна. Падымаўся па р. Парана да 18° паўд. ш., зрабіў няўдалую спробу дайсці да Андаў. У 1542 захоплены сапернікам-канкістадорам Д.М.Іралам і адпраўлены ў Іспанію. Пакінуў апісанне падарожжа па Паўн. Амерыцы (1555).
т. 3, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)