ВАКАЛІ́З (франц. vocalise ад лац. vocalis галосны гук; гучны, пявучы),

1) практыкаванне для развіцця вакальнай тэхнікі, якое выконваецца на галосным гуку.

2) Канцэртны твор, найчасцей для сапрана з інстр. суправаджэннем. Адсутнасць слоў і кантыленнасць, часам віртуознасць, дазваляюць выявіць прыгажосць і выпрацаванасць голасу («Вакаліз у форме хабанеры» М.​Равеля, «Вакаліз» С.​Рахманінава). У 20 ст. вакаліз набліжаецца да інстр. жанраў (5 мелодый для голасу ці скрыпкі з фп. С.​Пракоф’ева, вакаліз-эцюд К.​Шыманоўскага; саната-вакаліз, сюіта-вакаліз для голасу з фп. М.​Метнера; канцэрт для голасу з арк. Р.​Гліэра). Спецыфічны эфект дасягаецца ў харавым вакалізе («Дафніс і Хлоя» Равеля). Вакаліз ў бел. музыцы: Канцэрціна для голасу з арк. Дз.​Лукаса, вакаліз з сімф. арк. памяці Дз.​Шастаковіча Л.​Абеліёвіча, вакаліз-калыханка з балета «Мара» Я.​Глебава і інш.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)