Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВА́ВЕЛЬ

(Wawel),

назва ўзгорка ў Кракаве, на левым беразе Віслы, на Пд ад Старога горада. У пач. 9 ст. тут існаваў умацаваны горад. З 11 ст. па 1564 Вавель — гал. каралеўская рэзідэнцыя. Вядомы комплексам помнікаў архітэктуры 10—17 ст.: ратонда Дзевы Марыі (2-я пал. 10 ст.), каралеўскі замак (13—17 ст.) з рэнесансавым аркадным унутр. дваром (1502—16, арх. Ф.Ф’ёрэнціна, Б.Берэчы), заламі ў стылях готыкі, рэнесансу і барока (у т. л. «Пасольская» зала з разной столлю, упрыгожанай т.зв. Вавельскімі галовамі, 1531—35 і з 1925, скульпт. К.Дунікоўскі), гатычны кафедральны сабор (14 ст., магільны склеп польск. каралёў, епіскапаў і вядомых дзеячаў нац. гісторыі — А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Ю.Пілсудскага, Т.Касцюшкі і інш.) з раманскай крыптай св. Леанарда (каля 1100), рэнесансавай капліцай Жыгімонта І (1517—33) і шматлікімі надмагіллямі (работы Ф.Штоса, Яна Міхаловіча і інш.). У замку — Дзярж. маст. зборы (у т. л. вавельскія габелены; звон Жыгімонта). У архіве кашт. рукапісы 12 ст. Вавель занесены ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.

Літ.:

Савицкая В.И. Краков. М., 1975. С. 121—169.

т. 3, с. 421

ВАВЕНА́РГ

(Vauvenargues) Люк дэ Клап’е (6.8.1715, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 28.5.1747),

французскі пісьменнік-мараліст, філосаф. Майстар афарыстычнага жанру. Першы літ. вопыт — «Разважанне пра свабоду» (нап. 1737), пазней разгорнуты ў «Трактаце пра свабоду волі». З 1743 перапісваўся з Вальтэрам. У 1745 напісаў «Разважанне пра няроўнасць багаццяў». У 1746 выдаў адзіную прыжыццёвую кнігу «Уводзіны ў пазнанне чалавечага розуму, а таксама Роздумы і максімы на розныя тэмы», дапоўненую «Парадоксамі і новымі роздумамі і максімамі». У цэнтры ўвагі Вавенарга — чалавечая прырода, якую ён лічыць зыходным пунктам чалавечых пачуццяў, інстынктаў, імпульсаў паводзін, з ёй ён звязвае ўяўленне пра спрадвечную дабрыню чалавека. Пачуццё ён супрацьпастаўляе розуму, сцвярджае перавагу першага і шукае шляхі прымірэння паміж імі. Жанравыя і кампазіцыйныя асаблівасці прозы Вавенарга (афарыстычныя разважанні і максімы) ідуць ад класічнай традыцыі 17 ст. Яго меркаванні пра класікаў л-ры 17 ст. і сучаснікаў больш кансерватыўныя. Аўтар серый «Характары» і «Дыялогі».

Тв.:

Oeuvres. Paris, 1981;

Рус. пер. — Введение в познание человеческого разума;

Фрагменты;

Критические замечания;

Размышления и максимы. Л., 1988.

Н.К.Мазоўка.

т. 3, с. 422

ВА́ВЕРКА вёска ў Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПдЗ ад г. Ліда, 91 км ад Гродна, 14 км ад чыг. ст. Курган. 567 ж., 210 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, бальніца, гандл. цэнтр, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл.

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1413, калі тут быў заснаваны касцёл. У 15—19 ст. належала Галігінавічам, Юндзілавічам, Касцевічам, Галеўскім, Кастравіцкім і інш. З 1570 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Мытлянскай вол. Лідскага пав. У 1881 — 73 ж. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1970 — 248 ж. Магчыма, першапачатковая гісторыя вёскі звязана з летапісным горадам Вевярэск.

т. 3, с. 422

ВАВЁРКІ

(Sciurus),

род млекакормячых жывёл сям. вавёркавых атр. грызуноў. 55 відаў у Паўн. паўшар’і і на Пн Паўд. Амерыкі. Пашыраны ў горных і раўнінных лясах. На Беларусі 1 від — вавёрка звычайная (S. vulgaris).

Даўж. цела 20—35 см, хваста 19—31 см, маса 180—1000 г. Афарбоўка залежыць ад раёна пашырэння, сезона, узросту, індывідуальнасці. Вавёрка звычайная бывае рыжая, папялястая, амаль чорная і інш. Будуюць гнёзды (гайны) ці жывуць у дуплах. Штогод даюць 1—3 прыплоды па 1—12 дзіцянят. Корм раслінны і жывёльны, большасць вавёрак робяць запасы на зіму. Вавёрка звычайная акліматызавана ў Крыме, на Цянь-Шані і Каўказе. Некаторыя з вавёрак — каштоўныя паляўніча-прамысл. віды (здабываюцца дзеля пушніны, у тропіках — дзеля мяса). Дальмарская чорная вавёрка занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 3, с. 422

ВАВІ́ЛАВА ЗАКО́Н,

вызначае залежнасць квантавага выхаду фоталюмінесцэнцыі ад даўжыні хвалі ўзбуджальнага святла. Адкрыты С.І.Вавілавым (1924), ляжыць у аснове тэорыі люмінесцэнцыі. Паводле Вавілава закона квантавы выхад фоталюмінесцэнцыі пастаянны ў шырокім інтэрвале даўжынь хваляў узбуджальнага святла і рэзка памяншаецца пры даўжынях хваляў, большых за тую, пры якой назіраецца максімум інтэнсіўнасці спектра люмінесцэнцыі.

Пастаянства квантавага выхаду абумоўлена квантавай прыродай святла, хуткім пераразмеркаваннем энергіі ва ўзбуджаным электронным стане па вагальных і інш. падузроўнях і перадачай энергіі навакольнаму асяроддзю. Вавілава закон выконваецца ў вадкіх і цвёрдых растворах; для складаных малекул у газавай фазе не мае месца, што тлумачыцца захаваннем лішку вагальнай энергіі, набытай у акце паглынання святла. Вавілава закон атрымаў тэарэт. тлумачэнне ў працах бел. вучоных Б.І.Сцяпанава і М.К.Барысевіча.

А.М.Рубінаў.

т. 3, с. 422

ВАВІ́ЛАЎ Антон Уладзіміравіч

(н. 27.7.1949, г. Паставы Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машыназнаўства. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1971). У 1972—82 у Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі, з 1982 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы ў галіне машынабудавання і механізацыі буд-ва.

Тв.:

Механизация процессов отделения и переработки маломерной древесины. Мн., 1982;

Строительные и дорожные машины многоцелевого назначения. Мн., 1991 (разам з Л.І.Пераднёй).

т. 3, с. 422

ВАВІ́ЛАЎ Максім Андрэевіч

(9.8.1903, г. Полацк — 11.7.1960),

ваенны дзеяч. Ген.-лейт. (1955). Скончыў Аб’яднаную бел. ваен. школу імя ЦВК БССР (1927), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1936), Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1924. Удзельнік баёў каля воз. Хасан у 1938. У 1942—44 нач. штаба арміі Далёкаўсх. фронту. З 1944 у Генштабе Сав. Арміі. З 1954 нач. штаба Забайкальскай ваен. акругі, з 1956 у ваенна-навуч. установах.

т. 3, с. 422

ВАВІ́ЛАЎ Мікалай Іванавіч

(25.11.1887, Масква — 26.1.1943),

савецкі біёлаг, генетык, заснавальнік вучэнняў пра біял. асновы селекцыі і цэнтры паходжання культурных раслін. Акад. АН СССР (1929; чл.-кар. 1923). Акад. УАСГНІЛ (1929). Акад. АН Украіны (1929). Брат С.І.Вавілава. Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1911). Працаваў пад кіраўніцтвам Дз.М.Пранішнікава. З 1929 прэзідэнт, у 1935—40 віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. З 1930 адначасова дырэктар Ін-та генетыкі АН СССР. Абгрунтаваў вучэнне пра імунітэт раслін (1919), адкрыў закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці арганізмаў (1920). Арганізатар і кіраўнік экспедыцый па вывучэнні сусв. раслінных рэсурсаў (1920—40). Вызначыў ачагі формаўтварэння культ. раслін. Сабраў найб. ў свеце калекцыю насення культ. раслін, заклаў асновы дзяржсортавыпрабавання палявых культур. Прэмія імя У.І.Леніна (1926), залаты медаль імя М.М.Пржавальскага АН СССР (1925). У 1968 АН СССР устаноўлены залаты медаль яго імя ў галіне сельскай гаспадаркі. У 1940 рэпрэсіраваны, памёр у турме (Саратаў), рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Избр. труды Т. 1—5. М.; Л., 1959—65.

Літ.:

Резник С. Николай Вавилов. М., 1968.

т. 3, с. 422

ВАВІ́ЛАЎ Сяргей Іванавіч

(24.3.1891, Масква — 25.1.1951),

савецкі фізік, стваральнік навук. школы оптыкаў. Акад. (1932, чл.-кар. 1931). Брат М.І.Вавілава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). З 1932 дырэктар Фізічнага ін-та АН СССР, у 1932—45 навук. кіраўнік Дзярж. аптычнага ін-та (Ленінград). З 1945 прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па фіз. оптыцы. Распрацаваў асновы тэорыі люмінесцэнцыі, вывеў адзін з яе законаў (1924; гл. Вавілава закон). З П.А.Чаранковым адкрыў Чаранкова—Вавілава выпрамяненне. Вырашыў шэраг прынцыповых пытанняў квантавай тэорыі інтэрферэнцыі, фізіял. оптыкі, паклаў пачатак развіццю нелінейнай оптыкі. Аўтар прац па філас. пытаннях прыродазнаўства і гісторыі навукі. З 1949 гал. рэдактар Вял. Сав. Энцыклапедыі. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949, 1951, 1952. У 1951 АН СССР устаноўлены залаты медаль яго імя ў галіне фізікі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1952—56;

Микроструктура света. М., 1950;

Исаак Ньютон, 1643—1727. 4 изд. М., 1989.

Літ.:

Физики о себе. Л., 1990.

т. 3, с. 423

ВАВІЛО́Н

(шумерскае Кадынгіра, акадскае Бабілу),

у старажытнасці горад у Месапатаміі на р. Еўфрат; руіны — каля сучаснага г. Хіла (Ірак). Упершыню згадваецца пад канец 3-га тыс. да н.э. З пач. 2-га тыс. да н.э. культ. цэнтр Пярэдняй Азіі. Пры цару Хамурапі [1792—50 да н.э.] стаў сталіцай Вавілоніі. Каля 1595 да н.э. захоплены хетамі, каля 1518 — касітамі. Пасля 1250 да н.э. неаднаразова трапляў пад уладу Асірыі. Найб. росквіту дасягнуў у Новававілонскі перыяд (гл. Халдзейскае царства) пры царах Набапаласару [625—605 да н.э.] і Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля заваявання Кірам II (539 да н.э.) і Дарыем І (522 да н.э.) адна са сталіц Ахеменідаў дзяржавы. У 331 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім. Да 2 ст. н.э. заняпаў.

Раскопкамі ням. археолага Р.Кольдэвея ў 1898—1917 узноўлены план горада 7—6 ст. да н.э. і арх. ансамбль, створаны ў перыяд росквіту Вавілона пры цару Навухаданосару II. У 7—6 ст. да н.э. Вавілон — выцягнуты ў плане прамавугольнік (пл. каля 10 км²), падзелены р. Еўфрат на 2 часткі (Стары і Новы горад), абкружаны цаглянымі вонкавымі і ўнутранымі сценамі з зубчастымі вежамі і 8 варотамі, названымі імёнамі багоў. Галоўныя паўн. вароты Іштар былі абліцаваны паліванай цэглай э рэльефнымі выявамі быкоў і драконаў. Праз іх вяла свяшчэнная дарога працэсій. Сярод гал. помнікаў: храм багіні Нінмах, цэнтр. храм бога Мардука—Эсагіла, 7-ярусны зікурат бога Этэменанкі («Вавілонская вежа», дойлід Арадахешу, сярэдзіна 7 ст. да н.э., зруйнаваны Аляксандрам Македонскім), палац-крэпасць з т.зв. «вісячымі садамі Семіраміды» (адно з 7 дзівосаў свету), па-за горадам — летні палац Навухаданосара II. Гл. таксама Вавілонскае стоўпатварэнне, Вавілона-асірыйская культура.

Літ.:

Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;

Яго ж. Вавилонская башня: Пер. с нем. М., 1991.

т. 3, с. 423