ВАЗ,
сям’я легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюцца Волжскім аўтамаб. з-дам з 1970 (г. Тальяці, Расія). Кузаў нясучы тыпу седан, універсал або комбі. Мадэлі 2101—2107 класічнай кампаноўкі маюць назву «Жыгулі», поўнапрывадная мадэль 2121 — «Ніва», пярэднепрывадныя 2108 — «Лада-Спадарожнік», 2109 і 21099 — «Лада-Самара» і асабліва малая мадэль — «Лада-Ака» (аб’ём цыліндраў 0,65 л; разам з КАМАЗам); мадэлі, што ідуць на экспарт, — «Лада». Рабочы аб’ём рухавіка да 1,6 л, магутнасць да 58 кВт, скорасць да 155 км/гадз.
т. 3, с. 447
ВА́ЗА,
Васа (швед. Vasa, польск. Wasa), шведская каралеўская дынастыя, якая правіла ў Швецыі (1523—1654) і Польшчы (1587—1668). Засн. Густавам І [1523—60]. Каралямі Швецыі былі яго сыны Эрык XIV [1560—68], Юхан III [1568—92], Карл IX [1604—11], сын апошняга Густаў II Адольф [1611—32], дачка апошняга Крысціна [1632—54]. У Польшчы правілі Жыгімонт III (1587—1632, у 1592—1604 і кароль Швецыі), які ўстанавіў шведска-польскую асабістую унію [1592—99], яго сыны Уладзіслаў IV [1632—48] і Ян Казімір [1648—68].
т. 3, с. 447
ВА́ЗА
(франц. vase ад лац. vas пасудзіна),
пасудзіна дэкар. ці утылітарнага прызначэння. Выкарыстоўваюцца для пластычнага і каляровага ўзбагачэння інтэр’ера, часам як творы манум.-дэкар. мастацтва (на фасадах будынкаў, агароджах). Вырабляюцца са шкла, фарфору, фаянсу, гліны, хрусталю, вырабных камянёў, металаў. Вядомы са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі ў залежнасці ад формы і прызначэння гліняныя вазы мелі розныя назвы (амфара, кратэр і інш.). Выраб і ўпрыгожванне вазы размалёўкай (вазапіс) — важная галіна ант. мастац-тва. Тэктанічная яснасць формаў, іх функцыян. апраўданасць, гарманічнасць прапорцый зрабілі стараж.-грэч. вазы класічнымі ўзорамі для еўрап. мастацтва наступных эпох. На Беларусі ў 18—19 ст. вазы выраблялі ганчары Слуцка, Барысава, Магілёва і інш. на радзівілаўскіх і Целяханскай фаянсавай мануфактурах (гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы). Цяпер вазы вырабляюць на Мінскім і Добрушскім фарфоравых, Барысаўскім хрусталёвым заводах, шклозаводзе «Нёман», аб’яднанні «Беларуская мастацкая кераміка», Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Відарысы вазы выкарыстоўваюцца як дэкар. матыў у размалёўцы па шкле, метале, кераміцы, у ткацтве.
М.М.Яніцкая.
т. 3, с. 447
ВАЗАВО́Е,
у ВКЛ пошліна з кожнага воза за перавоз тавараў цераз мяжу.
т. 3, с. 447
ВА́ЗАПІС антычны, размалёўка ант. керамічных пасудзін. Бярэ пачатак ад эгейскага мастацтва. Росквіту дасягнуў у Стараж. Грэцыі. Вазы і інш. пасудзіны размалёўвалі т.зв. чорным лакам, белай і пурпурнай фарбамі, пазалотай. Кампазіцыя размалёўкі арганічна спалучалася з формай пасудзіны. У гісторыі вазапісу вядомыя стылі: геаметрычны (9—8 ст. да н.э., гарыз. палосы рытмічных лінейных узораў), «дывановы» (7 ст. да н.э., паліхромныя выявы жывёл у спалучэнні з расліннымі ўзорамі), чорнафігурны (6 ст. да н.э.) і чырвонафігурны (апошняя чвэрць 6 — пач. 4 ст. да н.э.). З 2—3 ст. да н.э. стараж.-грэч. вазапіс паступова заняпаў, саступіўшы месца лакіраваным пасудзінам з рэльефным дэкорам або накладной арнаментальнай размалёўкай.
т. 3, с. 447
ВАЗАПРЭСІ́Н,
антыдыурэтычны гармон, нейрагармон многіх пазваночных жывёл і чалавека, які рэгулюе дыурэз. Паводле хім. прыроды — пептыд (октапептыд). Вазапрэсін вырабляецца гіпаталамусам, з якога ён паступае ў гіпофіз, потым у кроў. Выклікае скарачэнне капіляраў, што павышае крывяны ціск (прэсорны эфект) і стымулюе зваротнае ўсмоктванне вады ў ныркавых канальцах, зніжаючы дыурэз (антыдыурэтычны эфект). Недахоп вазапрэсіну ў арганізме можа прывесці да нецукр. дыябету, пры якім выдзяленне мачы рэзка павышаецца.
т. 3, с. 448
ВАЗА́РЫ
(Vasari) Джорджа (30.7.1511, г. Арэца, Італія — 27.6.1574),
італьянскі архітэктар, жывапісец, гісторык мастацтва; прадстаўнік маньерызму. Вучыўся ў Фларэнцыі ў Б.Бандынелі. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам Мікеланджэла. У пабудовах (Палацца дэі Кавальеры ў Пізе, 1562; уласны дом, 1542; Палацца дэле Лоджэ, 1573—81 у Арэца; ансамбль Уфіцы ў Фларэнцыі, 1560—73) эклектычна спалучаў элементы рэнесансавай і маньерыстычнай архітэктуры. Сярод жывапісных работ: фрэскі ў Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (з 1555), у Зале Рэджа ў Ватыкане (1571—73). Аўтар «Жыццеапісанняў найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550 (рус. пер., т. 1—5, 1956—71) аб жыцці і творчасці італьян. мастакоў эпохі Адраджэння.
т. 3, с. 448
ВА́ЗАЎ Іван Мінчаў
(9.7.1850, г. Вазаўград, Балгарыя — 22.9.1921),
балгарскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Правадзейны чл. (з 1881), ганаровы чл. Балгарскай АН (з 1921). Ганаровы д-р філал. н. (1921). Вучыўся ў Калоферскім вучылішчы ў Б.Петкава (бацькі Х.Боцева), у Плоўдзіўскай гімназіі (1867—68). Удзельнік руху за нац. вызваленне Балгарыі. Жыў у эміграцыі ў Румыніі (1876—77) і Расіі (1887—89). Міністр асветы ва ўрадзе К.Стаілава (1897—99). У творах з гіст.-гераічнай тэматыкай (зб-кі вершаў «Журба Балгарыі», 1877; «Вызваленне», 1878; цыкл ліра-эпічных паэм «Эпапея забытых», 1881—84, і інш.) і сац.-сатырычных (раман «Новая зямля», 1896, і інш.) панарама нац. жыцця на працягу паўстагоддзя. Заклаў асновы балг. л-ры пасля вызвалення ад тур. іга, даў узоры асн. яе жанраў. Раман-эпапея «Пад прыгнётам» (1889—90, бел. пер. «У ярме», 1955) пра Красавіцкае паўстанне 1876. Аўтар «Аповесцяў і апавяданняў» (т. 1—3, 1891—93), камедый («Шукальнікі цёплых месцейкаў», 1903, і інш.), гіст. драм («Да бездані», 1908; «Барыслаў», 1909; «Івайла», 1913, і інш.). На бел. мову творы Вазава перакладалі У.Анісковіч, Н.Гілевіч і В.Нікіфаровіч.
Тв.:
Бел. пер. — [Апавяданні] // Скарб. Мн., 1967;
Рус. пер. — Соч. Т. 1—6. М., 1956—57;
Избранное. Т. 1—2. М., 1977;
Пестрый мир: Юмор и сатира. М., 1986.
Літ.:
Иван Вазов: Биобиблиогр. указ. М., 1962.
Г.Я.Адамовіч.
т. 3, с. 448
ВАЗЕЛІ́Н
[франц. vaseline ад ням. Was(ser) вада + грэч. elaion аліўкавы алей],
аднародная сумесь цяжкага нафтавага масла і цвёрдых вуглевадародаў (парафін, цэрэзін, петралатум). Мазепадобная белая маса, шчыльн. 870—885 кг/м³, tпл 35—60 °C. Атрымліваюць расплаўленнем вуглевадародаў у масле з далейшай ачысткай сернай к-той і адбельвальнай глінай. Выкарыстоўваюць у медыцыне (аснова мазяў), электратэхніцы, у тэхніцы для кансервацыі металавырабаў, як змякчальнік гумы.
т. 3, с. 448
ВАЗЕЛІ́НАВАЕ МА́СЛА,
дыстыляванае высокаачышчанае нафтавае масла. Масляністая празрыстая вадкасць без паху і смаку, раствараецца ў эфіры і хлараформе. Выкарыстоўваюць у медыцыне (слабіцельнае, растваральнік камфары), парфумернай прам-сці (аснова касметычных крэмаў, губной памады), вытв-сці антыфрыкцыйных пластычных змазак, устойлівых да моцных акісляльнікаў.
т. 3, с. 448