ВА́ЗАПІС антычны, размалёўка ант. керамічных пасудзін. Бярэ пачатак ад эгейскага мастацтва. Росквіту дасягнуў у Стараж. Грэцыі. Вазы і інш. пасудзіны размалёўвалі т.зв. чорным лакам, белай і пурпурнай фарбамі, пазалотай. Кампазіцыя размалёўкі арганічна спалучалася з формай пасудзіны. У гісторыі вазапісу вядомыя стылі: геаметрычны (9—8 ст. да н.э., гарыз. палосы рытмічных лінейных узораў), «дывановы» (7 ст. да н.э., паліхромныя выявы жывёл у спалучэнні з расліннымі ўзорамі), чорнафігурны (6 ст. да н.э.) і чырвонафігурны (апошняя чвэрць 6 — пач. 4 ст. да н.э.). З 2—3 ст. да н.э. стараж.-грэч. вазапіс паступова заняпаў, саступіўшы месца лакіраваным пасудзінам з рэльефным дэкорам або накладной арнаментальнай размалёўкай.

т. 3, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)