Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАГ

(Váh),

рака ў Славакіі, левы прыток Дуная. Даўж. 433 км, пл. бас. 19,6 тыс. км². Пачынаецца ў Татрах, цячэ па сярэднягор’ях, потым па Сярэднедунайскай раўніне. Летнія паводкі. Сярэдні расход вады 152 м³/с. Сплаў драўніны. Суднаходства на 355 км. Каскад ГЭС. На Вагу — гарады Ружамберак, Жыліна, Трэнчын.

т. 3, с. 427

ВА́ГА,

рака, левы прыток Паўн. Дзвіны, у Валагодскай і Архангельскай абл. Расійскай Федэрацыі. Даўж. 575 км, пл. бас. 44,8 тыс. км². Пачынаецца сярод балот, цячэ па лясістай мясцовасці. Асн. прытокі: Кулой, Вусця (справа), Вель (злева). Сярэдні расход вады каля с. Усць-Сюма 369 м³/с. Суднаходная на 355 км ад вусця. Сплаўная. На Вазе — г. Вельск, Шэнкурск.

т. 3, с. 427

ВАГАБЗАДЭ́ Бахтыяр Махмуд аглы

(н. 16.8.1925, г. Шэкі, Азербайджан),

азербайджанскі паэт. Нар. паэт Азербайджана (1984). Друкуецца з 1944. У ранняй, публіцыстычнай лірыцы (зб-кі «Мае сябры», 1949; «Вясна», 1950) услаўляе подзвіг народа ў Вял. Айч. вайне. Зб-кі вершаў і паэм «Песня дружбы» (1953), «Роздумы» (1959), «Не хачу спакою» (1970), «Мы на адным караблі» (1983, Дзярж. прэмія СССР 1984) і інш. прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Аўтар драм. паэмы «Ноч разлукі» (1959).

т. 3, с. 427

ВАГАВІ́НКА,

гл. Ясколка.

т. 3, с. 427

ВАГА́Й,

рака, левы прыток Іртыша, у Цюменскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Даўж. 555 км, пл. бас. 23 тыс. км². Цячэ ў паўд. ч. Зах.-Сібірскай раўніны. Сярэдні расход вады каля с. Чорнае 20,6 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. Даліна густа населена. У вусці Вагая (Ермакова завадзь) загінуў заваёўнік Сібіры Ярмак.

т. 3, с. 427

ВАГА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

фізічная сістэма, у якой у выніку парушэння стану раўнавагі могуць адбывацца свабодныя (уласныя) ваганні. Бываюць кансерватыўныя, дысіпатыўныя і аўтавагальныя. Вагальная сістэма з канечным лікам ступеняў свабоды наз. дыскрэтнымі (напр., маятнік), а з бесканечным — сістэмамі з размеркаванымі параметрамі (струна, пругкае цела, эл. кабель). Гл. таксама Асцылятар.

У кансерватыўных вагальных сістэмах ваганні адбываюцца амаль без страт энергіі (мех. сістэмы без трэння, вагальны контур без актыўнага супраціўлення і выпрамянення эл.-магн. хваляў). У дысіпатыўных сістэмах адбываюцца толькі затухальныя ваганні; пры дасягненні крытычнага значэння страт такая вагальная сістэма пераўтвараецца ў аперыядычную (гл. Аперыядычны працэс). У аўтавагальных вагальных сістэмах страты энергіі кампенсуюцца з крыніцы сілкавання (гл. Аўтаваганні).

П.А.Пупкевіч.

т. 3, с. 427

ВАГА́ЛЬНЫЯ СПЕ́КТРЫ,

вібрацыйныя спектры, спектры электрамагнітнага выпрамянення малекул, абумоўленага ваганнямі іх атамаў; спектры атамаў, іонаў і іх груп у крышталях і вадкасцях. Складаюцца з асобных спектральных палос. Адрозніваюць вагальныя спектры паглынання (гл. Інфрачырвоная спектраскапія) і камбінацыйнага рассейвання святла ў блізкай і сярэдняй інфрачырвоных абласцях спектра. Гл. таксама Спектры крышталёў, Малекулярныя спектры.

т. 3, с. 427

ВАГА́ЛЬНЫ КО́НТУР,

электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).

У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныя гарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контура вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз. рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контура (гл. Рэзананс).

П.С.Габец.

т. 3, с. 427

ВАГА́НАВА Агрыпіна Якаўлеўна

(26.6.1879, С.-Пецярбург — 5.11.1951),

руская артыстка балета, педагог, балетмайстар. Нар. арт. Расіі (1934). Скончыла Пецярбургскае харэаграфічнае вучылішча (1897). У 1897—1916 у Марыінскім т-ры, «царыца варыяцый». З 1921 выкладала ў Ленінградскім харэаграфічным вучылішчы (з 1946 праф.; цяпер Акадэмія рускага балета імя Ваганавай). Сярод партый: Сванільда, Наіла («Капелія», «Ручай» Л.Дэліба), Цар-дзяўчына («Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Гаспадыня дрыяд («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана). Пед. сістэма Ваганавай дала новае развіццё выканальніцкім прынцыпам (методыка выкладзена ў кн. «Асновы класічнага танца», 1934). Сярод вучаніц Ваганавай: М.Сямёнава, Г.Уланава, Н.Дудзінская, Х.Калпакова, А.Асіпенка, Т.Вячэслава. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 3, с. 428

ВАГАНЕ́ТКА

(франц. wagonnet),

транспартны сродак невял. умяшчальнасці для перавозкі грузаў і людзей па вузкакалейнай чыгунцы. Бывае ў выглядзе платформы ці з жорстка замацаваным або перакульным кузавам, з адкіднымі сценкамі і інш. Перамяшчаецца лакаматывамі, самакатам па пакатах або сваім ходам (самаходныя ваганеткі). Грузападымальнасць 1—5 т, у асобных выпадках 8—10 т і болей. Пасажырскія ваганеткі перавозяць 6—18 чал. Выкарыстоўваюцца на кар’ерах, рудніках, шахтах, унутрызаводскіх лініях, буд. пляцоўках і інш.

т. 3, с. 428